Адзін з самых таленавітых беларускіх футбалістаў апошніх гадоў Уладзімір Юрчанка ў ліпені нечакана апынуўся ў турме. Гулец быў асуджаны на чатыры месяцы арышту. Па вызваленні Юрчанка адказаў на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Чым Вы зараз займаецеся?

Уладзімір Юрчанка: Трэніруюся ў Брэсце. На 95% упэўнены, што падпішу кантракт з мясцовым «Дынама». З «Шахцёрам» кантракт у мяне скончыўся, разышліся абсалютна нармальна. Грошай з мяне не патрабуюць, прэтэнзій ні ў каго няма.

«НН»: Дык за што Вас затрымалі? Кажуць, што вас забрала міліцыя проста з трэніроўкі.

УЮ: Не, гэта няпраўда. Я тады гуляў за дубль салігорскага «Шахцёра». Каманда правяла свой матч, у мяне была траўма, таму я паехаў дадому ў Магілёў. Тады мне пазванілі, папрасілі прыйсці на допыт у міліцыю. Я прыйшоў, там мяне і арыштавалі.

Ну а сама гісторыя пачалася яшчэ два гады таму. На Новы год я ехаў крыху выпіўшы, мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Пасля гэтага за руль мне нельга было сядаць нават цвярозым, бо пазбавілі правоў, а яшчэ я падпісаў паперу, што за руль сядаць не буду. Наступны раз мяне злавілі за рулём у Мінску. Напісалі пратакол.

Следчыя казалі, маўляў, прыйдзі на суд, папрасіся, скажы, што ніколі больш такое не паўторыцца. Я быў у Салігорску, а позва прыйшла ў Магілёве. Я пра яе нават не ведаў! Потым суддзя даведалася мой нумар, пазваніла ды сказала, што я абавязаны прыйсці на суд. А ў нас у той час якраз быў фінал Кубка Беларусі супраць «Нёмана». Я пачаў тлумачыць сітуацыю: «Калі ласка, я адгуляю, а заўтра прыеду». Суддзя на гэта: «Не-не, ты, Юрчанка, абнаглеў ужо. Мы павесткі дасылаем, а ты не прыходзіш». Потым прыехаў у Магілёў, дзядзя кажа, што цябе шукае міліцыя, адміністратар «Шахцёра» тое самае кажа — міліцыя шукае. Што хочуць? Паразмаўляць толькі. Я прыйшоў без усялякай задняй думкі, а мне кажуць, што я арыштаваны.

«НН»: У Вас была магчымасць заплаціць штраф, а не сядаць у турму?

УЮ: Штрафу не было. Я яго заплаціў. Арыштавалі мяне, атрымліваецца, за непавагу да суддзі.

«НН»: Турма стала цяжкім выпрабаваннем для Вас?

УЮ: Як сказаць… Відавочна, што турма пайшла на карысць мне. Я, папраўдзе кажучы, нават не шкадую, што праз гэта прайшоў. Ёсць аб чым думаць.

Калі ляжыш у камеры, то разумееш, што воляй трэба даражыць. Воляй, здароўем. Па-іншаму пачынаеш думаць. Лепш пачынаеш разбірацца ў людзях. Я нават рады, бо Бог дае выпрабаванні, якія можаш вынесці…

Усё ж ішло да гэтага. Я дзесьці няправільны лад жыцця вёў. Гэта да лепшага нават, бо я яшчэ малады, ёсць час усё выправіць. У мяне цяпер па-іншаму галава нават варыць. Працую, усё добра.

«НН»: Падтрымліваць форму ў турме атрымлівалася?

УЮ: Мы былі ў камеры, на працы нас не вадзілі. Я хачу падзякаваць начальніку Арыштанцкага дома і яшчэ начальніку медчасткі. Яны да мяне добра ставіліся, бо хадзілі на футбол, ведалі, хто я такі. Яны вялікія заўзятары. Казалі, што хадзілі глядзець на футболе толькі на мяне. Яны да мяне не ставіліся як да арыштанта.

«НН»: Гэта калі вы за жодзінскае «Тарпеда» гулялі?

УЮ: Не, не ў Жодзіне. У Жодзіне я ж адседзеў толькі першы месяц, а пасля мяне перавялі ў Магілёў. Магілёўскія казалі, што вераць у мяне. Давалі магчымасць трэніравацца пару разоў на тыдзень. Я і бегаў, скакаў, прэс качаў. Мяч таксама быў — перадалі сябры. Такія адчуванні фантастычныя былі, такая радасць. У турме ж усё па-іншаму ўспрымаеш.

«НН»: Што за людзі сядзелі з Вамі?

УЮ: Арыштанты, ім жа тэрмін зняволення даюць не больш за паўгода. Усе хлопцы «першаходы» [тыя, хто першы раз у зняволенні — «НН»]. Камеру добрую далі, на двух чалавек. Другі хлопец сядзеў за браканьерства.

«НН»: А як футбалісты Вас падтрымлівалі?

УЮ: Трэнеры прыязджалі да мяне, проста ў камеру да мяне прыходзілі. Гэта былі Ігар Кавалевіч [былы трэнер моладзевай зборнай Беларусі — «НН»] і Андрэй Скарабагацька [былы галоўны трэнер магілёўскага «Дняпра»], паглядзелі, у якіх я ўмовах жыву. Перадавалі прывітанні праз Кавалевіча і Кандрацьеў [на той момант галоўны трэнер зборнай Беларусі — «НН»], і Драгун. Было прыемна.

«НН»: З блатнымі паняццямі не сутыкаліся?

УЮ: Там такога ўжо няма. «Першаходаў» саджаюць з «першаходамі», з бывалымі не пасадзяць.

«НН»: Кармілі нармальна?

УЮ: На Магілёве кармілі нармальна, а вось у Жодзіне абсалютна жахліва. Нейкія кашы, капусту. Карацей, трызненне. Мне хапала — мне добрыя перадачы перадавалі.

«НН»: Думак завязаць з футболам не было?

УЮ: Не, канечне. Наадварот, рваўся хутчэй выйсці, каб гуляць. Я ў турме скінуў адзінаццаць кілаграмаў вагі.

«НН»: Родны «Дняпро» не прапаноўваў вярнуцца да сябе?

УЮ: Я хадзіў нядаўна на футбол, на гульню з «Віцебскам». Сэрца баліць, глядзець было непрыемна. І гульцы ж у «Дняпра» нармальныя, першай лігі яны не заслугоўваюць. Можа, кіраўніцтва сябе няправільна паводзіць. Прапановы вярнуцца былі, калі «Дняпро» гуляў у Брэсце, то да мяне падыходзіў Дзмітрый Калачоў, казаў: прыязджай, трэба паразмаўляць. Але куды ўжо, калі я ў Брэсце дамовіўся? Кавалевіч казаў, калі прыму каманду, то вазьму цябе да сябе.

«НН»: А чым Брэста прапанова падкупіла?

УЮ: Там дзядзька мой агент, я буду каля яго побач. І гуляць, думаю, буду. З трэнерам паразмаўлялі, калі пакідае мяне, то я яму цікавы. Кавальчук трэнерам застаецца ў «Дынама».

«НН»: Думкі пра зборную і замежжа яшчэ ёсць?

УЮ: Канечне. Час яшчэ маю, я ж не вельмі стары.

* * *

Уладзімір Юрчанка

Нарадзіўся ў 1989 годзе ў Магілёве. Гуляў за «Дняпро» (Магілёў), «Дынама» (Мінск), «Сатурн» (Раменскае), «Тарпеда» (Жодзіна), «Шахцёр» (Салігорск). Правёў 18 гульняў за моладзевую зборную Беларусі. Менавіта галы Юрчанкі вывелі каманду на Еўра-2012. Мае цыганскае паходжанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?