Весці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, а пераможцаў абвесцяць уладальнікі мінулай прэміі.
Музычны інтэрнэт-партал Tuzin.fm традыцыйна падводзіць вынікі году ў дзень супадзення магічных лічбаў: «тузін» гэта і ёсць дванаццатка, таму для канцэрту абіраецца дата 12.12. У гэты дзень будуць абвешчаныя пераможцы ў намінацыях «Адкрыццё году» і «Гурт году». У вялікім канцэрце з гэтай нагоды возьмуць удзел па тры прэтэндэнты ў кожнай з намінацый – гурт Сяргея Башлыкевіча Leibonik, беларускамоўны індзі-рок гурт Bristeil, заснаваны вакалістам Haire Peace Salon Алегам Вялем, праект Жэні Кучмейны з Іўя.K і гарадзенскія фолк-панкі Dzieciuki, рамантычны гурт Navi ды чароўная берасцейская каманда Landau адпаведна.
Найлепшых у кожнай з намінацыяў назавуць уладальнікі леташняй прэміі.
«Гэта падзея можа стаць нечым падобным да Новага Года для музыкаў. Кропка, ад якой можна азірнуцца і паглядзець, што ты зрабіў, добра гэта ці не. Я быў вельмі шчаслівы, калі пачуў, што «Героямі 2013 году» стаў гурт Re1ikt. Гэта дае неверагодную падтрымку, зараджае энергіяй больш чым на год! Я думаю, што прызнанне «Героямі» дапамажа кожнаму музыку рабіць сваю нялегкую, але добрую справу», — кажа Алесь Дземідзенка, лідар мінулагодніх «Герояў года».
«Калі цябе называюць дэбютам году, табе даюць аванс. Летась дзякуючы прэміі «Тузіна» на нас звярнулі ўвагу музычныя крытыкі і новыя слухачы. Мне б хацелася, каб мы апраўдалі спадзяванні, якія на нас былі ускладзеныя з гэтай прэміяй», – заўважае Мікіта Найдзёнаў, лідар гурта Hurma.
Акром таго, на канцэрце сёння будуць адзначаныя пераможцы ў намінацыях «Кліп сезону», «Альбом сезону» і «Песня сезону» паводле галасавання cлухачоў на партале Tuzin.fm у сезоне.
З гэтай нагоды з сэтам на прэміі выступіць «Аляксандра і Канстанцін» пашырыным складам. Менавіта іх альбом «М1» быў прызнаны найлепшым.
Весці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, вядомы сваімі артыкуламі пра стан сучаснай культуры, яскравымі прамовамі, лекцыямі і тэлеперадачамі.
Канцэрт праходзіць пры падтрымцы грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
***
12 снежня (пятніца). Мінск, клуб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а).
19:00.
Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Landau, Leibonik, Bristeil,.K, А&К, Dzieciuki, Navi. Квіткі: 120 000 (танцпляц), 150 000 (столік). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93.





