У Расіі ідзе распрацоўка аналагаў дзвюх амерыканскіх сістэм супрацьракетнай абароны — THAAD, здольнай змагацца з ракетамі сярэдняй дальнасці, і GMD, прызначэннем якой ёсць перахоп міжкантынэнтальных балістычных ракет, сказаў генеральны канструктар канцэрна «Алмаз-Антэй» Павал Созінаў.

Пускавая ўстаноўка комплекса THAAD.

Пускавая ўстаноўка комплекса THAAD.

«Па патрабаванні Мінабароны мы павінны забяспечыць значна больш высокую эфектыўнасць перахопу, чым у амерыканцаў», — перадае ягоныя словы сайт lenta.ru.

Амерыканскі комплекс THAAD (Terminal High Altitude Area Defense — «высотная абарона раёна ад ракет на канцавой стадыі траекторыі») прызначаны для перахопу аператыўна-тактычных і тактычных балістычных ракет з дальнасцю да 3500 км. Такія комплексы пачалі пастаўляць у войскі ў 2008 годзе.

У адрозненне ад класічных супрацьракет, ракеты THAAD не нясуць выбухоўкі і знішчаюць свае цэлі кінетычным ударам — наўпрост трапляючы ў мэту. Лічыцца, што пры гэтым пры знішчэнні цэлі мінімізуецца рызыка дэтанацыі атамных, хімічных ці біялагічных боегаловак. Дальнасць іх дзеяння перавышае 200 км.

Гледзячы па той інфармацыі, якая была ў адкрытых расійскіх крыніцах, аналагічныя магчымасці мусіць мець перспектыўны расійскі зенітна-ракетны компекс С-500. Праўда, С-500 раней заяўляўся як больш класічны ЗРК, скіраваны на барацьбу і з ракетамі, і з самалётамі.

Што датычыцца барацьбы с міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі — для чаго прызначаная амэрыканская GMD (Ground-based Midcourse Defense — «наземная абарона ад ракет на сярэднім адрэзку траекторыі»), то Созінаў адзначыў, што такія комплексы ў РФ мусяць быць мабільнымі, а не стацыянарнымі, як у ЗША.

Выпрабаванне сістэмы GMD 22 чэрвеня 2014 году ў Каліфорніі.

Выпрабаванне сістэмы GMD 22 чэрвеня 2014 году ў Каліфорніі.

Амерыканская сістэма, асноўным элементам якой з'яўляюцца ракеты шахтнага базіравання, разгорнутая ў Алясцы і Каліфорніі — такім чынам яна прыкрывае Штаты ад магчымай атакі з боку КНДР. Трэці пазіцыйны раён планавалася разгарнуць у Польшчы пры прэзідэнце Джорджы Бушы, аднак гэтыя планы былі адмененыя Баракам Абамам. З 2004 года прайшло 13 выпрабаванняў GMD, 12 з іх былі цалкам паспяховымі.

У 1960-х годах СССР спрабаваў стварыць стратэгічную сістэму ракетнай абароны краіны «Таран». Планавалася падрываць у космасе 10-мегатонныя атамныя зарады прыблізна на траекторыі амерыканскіх ракет. Распрацоўка доўжылася з 1961 па 1964 год і была згорнутая з-за таго, што ЗША рэзка павялічылі колькасць сваіх міжкантынентальных ракет, у выніку чаго савецкі праект стаў занадта дарагім. Да таго ж першыя ж выбухі ў космасе пачалі б «асляпляць» радыёлакацыйныя сістэмы савецкай супрацьракетнай абароны, і перахапіць новыя ракеты стала б амаль немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?