«Planktonus Vulgaris» — сучасны гарадскі раман, які выйшаў пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра і выдавецтва «логвінаЎ».

Другая кніга Кірыла Дубоўскага апавядае пра маладога выпускніка ўніверсітэта Канстанціна, які шукае сваю першую працу, каб нарэшце злезці з бацькоўскай шыі. Ён яшчэ не ведае, што зрабіць гэта апынецца не так проста, і наперадзе яго чакаюць дзевяць колаў запамінальных сумоўяў і нават часовы гарнітур «спецыяліста па продажах». Не падазрае ён і пра тое, што, калі трапіць у доўгачаканы офіс, ягоная асабістая, але цікавая гісторыя толькі па-сапраўднаму пачнецца…

Рэдактар кнiгi Павел Анціпаў ахарактарызаваў «Planktonus Vulgaris» як «кнігу пра маленькага чалавека», а мастачка вокладкі Ксенія Корзун звярнула ўвагу на яе надзвычайную трагікамічнасць. «Мне спадабалася канцэпцыя: усё дзеянне перададзенае маленькімі ёмістымі штрышкамі», — дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля прачытання пісьменнік Дзяніс Дробышаў.

Кірыл Дубоўскі — фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты «Наша нiва» (Мінск, 2007), Слово.doc (Мінск, 2009), імя Ларысы Геніюш (Мінск, 2010). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра. Першая ягоная кніга — «Хороший роман» — выйшла ў 2012 годзе.

Прэзентацыя «Planktonus Vulgaris» адбудзецца 17 снежня ў 19.30 у кнігарні «логвінаЎ» (Мінск, пр. Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0