Мэр Парыжа Ан Ідальга хоча ўвесці забарону на транспартныя сродкі з дызельнымі рухавікамі; аналагічныя планы існуюць таксама ў Бельгіі.
Паводле праекта, уезд машын з дызельнымі рухавікамі ў цэнтр французскай сталіцы паступова будзе абмежаваны. Дадзены праект — частка вялікага плана ачышчэння цэнтра Парыжа ад транспартных сродкаў — за выключэннем ровараў, аўтобусаў, таксі і аўтамабіляў жыхароў дадзеных кварталаў, а таксама транспарту медработнікаў і спецтранспарту.
Падобныя планы існуюць таксама ў Бельгіі: да пачатку 2016 года Антверпен хоча забараніць выкарыстанне ў горадзе старых дызельных (да 2006) і старых бензінавых аўтамабіляў (да 1992). Мяркуючы па ўсім, іншыя фламандскія гарады пойдуць гэтым жа шляхам.
Зразумела, з падобнымі планамі згодныя не ўсе. Аўтамабільная федэрацыя FEBIAC у дэбатах адносна забароны дызельных транспартных сродкаў звяртае ўвагу на ўсё больш і больш строгія экалагічныя нормы для сучасных дызельных аўтамабіляў. На думку федэрацыі, на сёння выкід цвёрдых часціц у дызельнай машыны супастаўны з бензінавымі. Акрамя таго, тэхналогіі фільтраў значна змяніліся і ўдасканаліліся за апошнія гады. Больш за тое, дызельны рухавік мае перавагу над бензінавым па выкідах CO2, якія ў дызельных рухавікоў ніжэйшыя прыкладна на 15—20%.
А што вы думаеце пра гэта? Дызельным аўтамабілям не месца ў гарадах?