«Наша Ніва» два дні спрабавала атрымаць адказ ад кіраўніцтва завода па запыце нашых чытачоў з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна: чаму затрымліваюць заробкі і ці выправіцца сітуацыя да Новага года. З прыёмнай нас перакіроўвалі ў бухгалтэрыю, з бухгалтэрыі — да ідэолага. Ідэолаг у працоўны час так і не адказаў. Таму мы вымушаныя проста перадрукаваць матэрыял рэгіянальнага сайта Kraj.by. Без каментароў кіраўніцтва «Забудовы».

«Звяртаюцца да Вас рабочыя ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова». На працягу многіх месяцаў (з лістапада 2013 года па гэты час) нам не плацяць зарплату своечасова. Паводле нашых працоўных дагавораў яна павінна выплачвацца 25-га чысла кожнага месяца. Аднак у гэты дзень нам альбо «давалі падачку» у выглядзе нейкай мізэрнай сумы (500 тыс.— 1.000.000), альбо не давалі грошай наогул. Астатнюю частку заробку наймальнік некалькі дзён, а то і тыдняў пералічвае нейкімі дзіўнымі маленькімі плацяжамі. Зварот за тлумачэннямі вынікаў не прыносіць. Прафсаюз наш нічога зрабіць не можа, колькі б мы ў яго ні звярталіся.

Сёння ўжо 10 снежня, а мы не атрымалі цалкам яшчэ зарплату за кастрычнік.

З усёй належнай сумы нам трыма плацяжамі пералічылі ТОЛЬКІ 1.200.000 руб.!!! І ніхто не кажа, калі мы атрымаем астатняе.

Кіраўніцтва тлумачыць затрымкі тым, што папярэдняе кіраўніцтва ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу»Забудова» давяло прадпрыемства да такога фінансавага становішча.

Але чаму тады ні адзін з кантралюючых органаў Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь не праводзіць праверку сітуацыі, якая склалася?

Чаму пасля прыезду на заводы старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта нічога не памянялася — зрабілі толькі кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве холдынгу???

За апошні год у нас ужо другі генеральны дырэктар. А ўсе астатнія кіраўнікі вышэйшага звяна толькі мяняюцца сваімі пасадамі ўнутры холдынгу.

І ніхто не нясе адказнасці за нявыплату заработнай платы!!!

Пакладзеныя нам авансы адмянілі!!! Спецвопратку ўжо даўно не выдаюць!!! А на нашых заводах ёсць падраздзяленні, якія пастаянна працуюць на вуліцы — і ў дождж, і ў мароз. Нават іх не забяспечваюць!!! Таксама перасталі выдаваць сродкі індывідуальнай абароны і сродкі асабістай гігіены працоўным.

З нашымі праблемамі мы па тэлефоне звярталіся ў Маладзечанскі райвыканкам. Нам адказалі, што пра нашу сітуацыю ведаюць, але нічым дапамагчы не могуць.

Чаму наймальніку дазволена беспакарана парушаць законы Рэспублікі Беларусь? Чаму ніхто не прыцягваецца да адказнасці за штомесячныя парушэнні працоўнага заканадаўства?

Па ўсёй краіне караюць кіраўнікоў, якія безадказна паставіліся да сваіх абавязкаў і загубілі прадпрыемствы, а нашага холдынгу гэта не тычыцца?

Зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, можна выказаць здагадку, што працоўныя застануцца на навагоднія святы без зарплаты. Што нам рабіць? Як нам карміць свае сем'і?!

Некаторыя з рабочых, якія жывуць у Чысці, бяруць у доўг прадукты у мясцовых крамах!!! Многім ужо не даюць у доўг, бо назапасілася вялікая запазычанасць. У многіх працоўных — даўгі па квартплаце і крэдытах!!!

Людзі на мяжы адчаю! Няма чым плаціць за садкі і школы!

Магчыма, вы зможаце неяк паўплываць на нашага наймальніка — генеральнага дырэктара ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова» Бухту Дзмітрыя Пятровіча. Мы вельмі просім вас дапамагчы нам дамагчыся сваёй заработнай платы!»

Ліст прыйшоў з паштовай скрыні [email protected].

Намеснік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынгу Генрых Кутас у адказ на званок карэспандэнта партала Край.бай паабяцаў пракаментаваць ліст рабочых праз некаторы час, пасля таго як азнаёміцца з ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?