Пасля выхаду з «амерыканкі» святар пэўны час быў на рэабілітацыі ў Вілейскім раёне. Цяпер атрымаў новае месца службы, паведамляе журналіст газеты Любоў Лунёва.

…Дом ксяндза Уладзіслава Лазара знаходзіцца праз дарогу ад касцёла ў вёсцы Камень пад Івянцом. Храм пабудавалі самі сяляне ў 1990-я гады на месцы спаленага ў час вайны драўлянага.

«Вось тут сцены трэба раўняць. У касцёле і ацяплення няма зусім. Трэба гэтае пытанне вырашаць», — паказвае айцец Уладзіслаў спадчыну. Нягледзячы на будзень, у касцельнай зале больш за 30 чалавек, пераважна жанчыны. І гэта ў вясковым касцёле!Вакол касцёла плот, выкладзены з камянёў. Каб уратаваць гэтую прыгажосць, святар спілаваў вялізныя дрэвы. «Карані пачалі ўжо разбураць плот. А вось тут трэба будзе вясной араць, баранаваць, зраўняць паверхню, каб пасеяць газонную траву. Будзе вельмі прыгожа! Ну а з будынкам работы тут шмат. Трэба ж і сцены ўцяпліць, столь прывесці да ладу, падлогу, вокны, кацёл патрэбны, каб было цёпла. Усё гэта трэба будзе рабіць, як толькі надвор'е дазволіць.. Вунь некаторыя матэрыялы ўжо закуплены», — працягвае ксёндз Лазар.

Планаў шмат. Нават у сваім доме гасцінны гаспадар паказаў, што і як будзе перароблена: «Вось у той частцы дома трэба будзе тую сцяну разбурыць і зрабіць залу для дзяцей. Будзе вельмі ўтульна і прыгожа. Гэтую печку трэба будзе разбурыць таксама, бо ад яе мала толку». У мяне няма ніякага сумневу ў тым, што планы здзейсняцца, бо бачыла вынікі работы ў Мар'інай Горцы. Да таго ж ксёндз у той час, калі пабудаваў касцёл, распачаў будаўніцтва і ў Рудзенску. Ці шмат на свеце людзей, якія ў сваім жыцці пабудавалі хаця б адзін храм? У якой краіне такога чалавека трымалі б за кратамі больш за паўгода?!

«Ці будзеце дабівацца кампенсацыі?» — запытваюся я.

У адказ: «Ды не. Забыць тое, што там было, я ніколі не змагу, а па кампенсацыю звяртацца не буду». На развітанне спадар Лазар сказаў, што чытаў пра арышт журналіста Алесіна (на момант нашай сустрэчы ён яшчэ не выйшаў на волю). «Самае важнае ў такой справе — гэта падтрымка. Я вельмі ўдзячны сваім родным, сябрам, усім тым людзям, якія за мяне маліліся і выказвалі салідарнасць. Няхай Бог дапамагае», — сказаў святар. Гэтыя словы гучалі ўсю дарогу да Мінска ў вячэрнім тумане. Няхай нам усім дапамагае Бог.

* * *

Ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар быў арыштаваны ў канцы мая 2013. Святара вінавацілі у перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцей чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Кс. У. Лазара трымалі ў турме СІЗА КДБ у Мінску і вызвалілі 3 снежня пад падпіску пра нявыезд. Яго справа ў суд так і не трапіла.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру