Як вядома, алергія – гэта рэакцыя на нейкае рэчыва, што трапіла ў арганізм, як на пагрозу. Алергенамі могуць быць не толькі ежа ці лекі, але абсалютна любыя рэчывы з наваколля ці нават тканкі ўласнага цела. Як толькі ў нейкім рэчыве пазналі ворага (а адбываецца гэта напрацягу лічаных секунд, хвілін, радзей – напрацягу гадзіны), шэраг клетак крыві і тканак выкідае медыятар гістамін.

Так развіваецца анафілаксія — найцяжэйшая з алергічных рэакцый, якая часам патрабуе неадкладнай дапамогі з боку лекараў і, надалей, інтэнсіўнай тэрапіі ва ўмовах рэанімацыі. Гэта можа здарыцца з кожным незалежна ад узросту, паходжання, полу і статусу, а галоўнае — незалежна ад колькасці алергену ў арганізме.

Знешнія праявы выкіду гістаміну — ацёкі розных частак цела (найбольш заўважныя — на твары, найбольш небяспечныя — у горле), сып у выглядзе крапіўніцы, прыступ астмы (задышка), боль і цяжар у жываце, млоснасць, ваніты.

Пры далейшым развіцці анафілаксіі на фоне страху смерці адбываецца падзенне ціску і страта прытомнасці, напрацягу некалькіх хвілін можа наступіць клінічная смерць. Чым хутчэй развіваюцца сімптомы анафілаксіі, тым цяжэй уратаваць чалавека.

Разглядаючы выпадкі раптоўнай смерці маладых спартоўцаў на спаборніцтвах ці школьнікаў на ўроках фізкультуры, некаторыя дактары сталі падазраваць, што гэта былі выпадкі анафілаксіі, справакаваныя фізічнымі нагрузкамі. Гэты кшталт алергіі выклікаецца тымі прадуктамі абмена, якія назапашваюцца ў мышцах пры нагрузках. І сапраўды, шэраг пацыентаў сведчыць пра сімптомы алергіі ў адказ на аэробныя практыкаванні ці іншыя віды спартовых нагрузак. Правакуючымі фактарамі тут могуць выступаць прыём алкаголя, мучная ежа, кукуруза, памідоры, малюскі, лекі кшталту нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў (аспірын, анальгін, парацэтамол). Магчыма, і так званая «халадавая» алергія, і алергічныя праявы ў выпадку вострага стрэсу маюць пад сабой падобную прыроду.

Дзеля прафілактыкі анафілаксіі важна ведаць, на што зрэагаваў арганізм, але для самога цячэння хваробы і лячэння гэта неістотна: праявы так званай ідэапатычнай (беспрычыннай) анафілаксіі нічым не адрозніваюцца. Спецыялісты звязваюць беспрычынную анафілаксію з часовымі зменамі ў імуннай сістэме – падвышэннем алерганасцярожанасці, калі любы, да гэтага бяскрыўдны, агент можа справакаваць выкід гістаміну.

У такіх выпадках пацыенту варта мець з сабой ін’ектар з адрэналінам кшталту EpiPen, Jext ці Emerade, раяць замежныя дактары. А яшчэ пры любых праявах алергіі варта тэрмінова звярнуцца па медычную дапамогу (нават калі вы ў гэты момант знаходзіцеся ў паліклініцы – выклікаць «хуткую дапамогу», бо лік часам ідзе на хвіліны.

Лепей перастрахавацца, чым памерці ад шоку па дарозе дамоў.

Алерголагі папярэджваюць: нават першы кантакт з алергенам (лекамі, прадуктамі і г.д.) можа прывесці да анафілактычнай рэакцыі. А значыць, нават самыя старанныя пазбяганні паўторнага кантакта з алергенам не гарантуюць бяспекі. Апроч гэтага, існуе перакрыжаваная алергія – калі антыцелы, выпрацаваныя на адзін з алергенаў, раптам як ключ да замочка падыходзяць да зусім іншага, нібыта бяскрыўднага агента – і запускаюць выкід гістаміну.

Антыгістамінныя сродкі не дапамогуць, калі алергічная рэакцыя пачала развівацца. Бо антыгістамінныя сродкі папярэджваюць выкід гістаміну да пачатку алергічнай рэакцыі. Паратунак ад шоку — адрэналін і стэроідныя гармоны ў вялікай колькасці.

Але калі чалавек ведае, што сустрэнецца з алергенам – прынятая зараней таблетка антыгістаміннага прэпарату дапаможа пазбегнуць алергічнай рэакцыі альбо зменшыць яе праявы.

Анафілаксія небяспечная найперш тым, што пры развіцці шоку хворы вельмі хутка робіцца бездапаможным, нават калі захоўвае першы час прытомнасць. Таму варта разглядаць любую раптоўную алергію, а таксама беспрычынную страту прытомнасці ў алергіка як пачатак анафілактычнага шоку. Чым раней будуць прынятыя спецыяльныя меры, тым болей шанцаў на выжыванне ў пацыента. Таму ні ў якім разе нельга пакідаць чалавека з вострай алергіяй без нагляду на бліжэйшыя некалькі гадзін, нават калі ягонае самаадчуванне параўнальна стабільнае.

І ўсё ж апошнім часам алерголагі прыходзяць да высновы, што кожны з нас напрацягу жыцця перажываў анафілаксію: напрыклад, калі вам пасля ўколу анестэзіі ў крэсле стаматолага стала млосна на некалькі імгненняў — магчыма, у гэты момант вы паспяхова перажылі анафілактычны мікрашок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?