Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінаблвыканкама адмовілася зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны». Афіцыйную адмову ў рэгістрацыі падпісала намеснік начальніка ўпраўлення Ірына Цалікавец, паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).
Адмова ў рэгістрацыі не стала нечаканасцю для грамадскіх актывістаў. Каментуючы рашэнне чыноўнікаў, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі БХД Павел Пракаповіч звярнуў увагу на бюракратычную працэдуру рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў.
«Працэдура выглядае так: пакет дакументаў перадаецца ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі, а галоўнае ўпраўленне дае адмову на працягу месяца. Ніякіх сустрэч, удакладненняў ці запытаў, — адзначыў Пракаповіч. — Сцяна бюракратыі: вы нам — дакументы, мы вам — адказ. У выніку ў адным з дакументаў знайшлі тэхнічную памылку, наяўнасць якой мы прызнаем, і час на выпраўленне якой займае прыкладна адну хвіліну. На працягу цэлага месяца ніхто з галоўнага ўпраўлення не звязаўся з намі і не задаў ніякіх пытанняў. Рашэнне пра адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі было прынята ў апошні дзень месячнага тэрміну, на працягу якога ёсць магчымасць выправіць любыя недахопы ў дакументах».
Як мяркуе Пракаповіч, дзейнасць чыноўнікаў у такіх выпадках скіравана на пошук памылак, каб былі падставы для нерэгістрацыі непажаданых арганізацый.
Устаноўчы сход ГА «Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны» адбыўся ў Мінску 4 кастрычніка, праз месяц былі пададзены дакументы на рэгістрацыю.
Улады некалькі разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі БХД, пасля чаго аргкамітэт партыі неаднаразова спрабаваў легалізаваць сваіх актывістаў праз рэгістрацыю грамадскіх аб'яднанняў розных узроўняў, аднак штораз адказы ўпраўленняў юстыцыі былі адмоўнымі.