У Мінску на вуліцы Матусевіча адкрыўся самы вялікі ў Беларусі мэблевы гіпермаркет «Дамашні ачаг» гандлёвай плошчай 10 тысяч квадратных метраў.
Як паведаміла журналістам кіраўнік праекта «Дамашні ачаг» Ганна Забаронак, у гіпермаркеце прадстаўлена больш за 140 мэблевых вытворцаў. Каля 67% мэблі — беларуская. 43% мэблі прадаюць самі вытворцы. Таксама ў «Дамашнім ачагу» прадаецца мэбля з Малайзіі, Інданезіі — галоўным чынам гэта мэбля з ратанга. Таксама ёсць сербская, румынская мэбля. Невялікі працэнт займае мэбля з Кітая.
50% складае мяккая мэбля, 30% — корпусная, 20% — усе астатнія мэблевыя сегменты і прадметы інтэр'еру.
Асартымент мэблевых тавараў у «Дамашнім ачагу» дасягае прыкладна 25.000 адзінак.
Паводле слоў кіраўніка праекта «Дамашні ачаг», асноўная мэтавая аўдыторыя гіпермаркета — гэта катэгорыя людзей з сярэднім і вышэйшым узроўнем даходу, якія жывуць у кватэрах.
«Мы скіраваныя на тое, каб у нас было прадстаўлена як мага больш кампаній, каб пакупнік, ведаў: тут ён можа паглядзець усё, што ёсць на рынку. Акрамя таго, мы працуем з дылерамі, вучым іх прадстаўляць вытворцаў мэблі так, каб пакупнік мог сабраць з прапанаванага асартыменту поўную кватэру: спальню, гасціную, дзіцячую, кухню і пярэдні пакой ад розных вытворцаў».
«Наступны этап развіцця — стварэнне дзіцячага пакоя, дзе пакупнікі могуць пакінуць дзіця на час наведвання гіпермаркета, — адзначыла Забаронак, — а таксама стварэнне мэблевага інтэрнэт-партала, паколькі, паводле нашых даследаванняў, на канец гэтага года каля 75% пакупнікоў месца пакупкі выбіраюць менавіта праз інтэрнэт».
Як было адзначана на адкрыцці новага мэблевага гандлёвага аб'екта, гіпермаркет размясціўся ў самым густанаселеным і хуткарослым раёне горада — Фрунзенскім.
Як адзначыў начальнік ГУ «Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама» Сяргей Барысевіч, у Мінску гандлююць мэбляй больш за 700 магазінаў. Профільных мэблевых магазінаў — 194. У чацвёртым квартале 2014 года адкрыліся тры буйныя магазіны: гіпермаркет «Азярцо» ў мікрараёне Малінаўка плошчай 5.000 кв. м, крама «Трум» (3.800 кв. м) і гіпермаркет «Дамашні ачаг».
Паводле слоў Барысевіча, адкрыццё гіпермаркетаў — новае і вельмі зручнае рашэнне для пакупніка, калі «не трэба аб'язджаць шмат дробных магазінаў па ўсім горадзе і ўсё можна купіць у адным месцы».





