Прафесійная бухгалтарская супольнасць, у якую ўваходзяць міжнародныя аўдытарскія кампаніі, прадстаўленыя ў Беларусі, прыняла рашэнне аб спыненні прымянення ў Беларусі з 2015 года 29-га стандарту МСФС «Фінансавая справаздачнасць ва ўмовах гіперінфляцыі». 

Як растлумачылі у мінскім офісе Deloitte, рашэнне аб скасаванні 29-га стандарту прынятае аўдытарскімі кампаніямі «Вялікай чацвёркі» (Deloitte, Ernst&Young, PricewaterhouseCoopers, KPMG), якія працуюць у Беларусі, пасля кансультацый з экспертамі замежных офісаў. 

«C 1 студзеня 2015 года эканоміка Рэспублікі Беларусь перастае прызнавацца гіперінфляцыйнай паводле Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці», — гаворыцца ў прэс-рэлізе мінскага офіса Deloitte. 

Варта адзначыць, што фінансавую справаздачнасць па МСФС рыхтуюць беларускія банкі. 

Каментуючы рашэнне, прынятае супольнасцю аўдытарскіх кампаній, намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў нагадаў журналістам 12 снежня, што рашэнне аб прымяненні 29-га стандарту было прынятае аўдытарскімі кампаніямі ў 2011 годзе на фоне высокіх тэмпаў інфляцыі ў Беларусі. 

«Пасля 2009—2011 гадоў, калі ў нашай краіне адбыўся ўплеск інфляцыі, аўдытарскія кампаніі прынялі рашэнне аб тым, што фінансавая справаздачнасць кампаній па МСФС павінна пералічвацца з улікам 29-га стандарту. Гэты стандарт сведчыць аб тым, што ў краіне назіраецца гіперінфляцыя», — канстатаваў Сяргей Дубкоў. 

Рашэнне аўдытарскіх кампаній аб спыненні дзеяння 29-га стандарту з'яўляецца вынікам мер, прынятых урадам і Нацыянальным банкам, па зніжэнні ўзроўню інфляцыі ў краіне, лічыць Сяргей Дубкоў. 

«Прынятыя меры ўрадам і Нацыянальным банкам, у тым ліку скіраваныя на зніжэнне ўзроўню інфляцыі ў апошнія тры гады, скарачэнне даларызацыі эканомікі, дазволілі прафесійнай бухгалтарскай супольнасці ацаніць зробленыя захады», — адзначыў Дубкоў. 

Паводле яго меркавання, рашэнне аб спыненні прымянення 29-га стандарту з'яўляецца станоўчым сігналам для навакольнага свету. 

«Гэта рашэнне з'яўляецца станоўчым сігналам для знешніх спажыўцоў і сведчыць аб тым, што Беларусь змагла пераадолець пэўныя крызісныя з'явы 2009—2011 гадоў і мае ўстойлівую праграму развіцця на найбліжэйшы час», — сказаў Дубкоў. 

Падобнага пункту гледжання прытрымліваюцца спецыялісты беларускага офіса Deloitte. 

Там адзначылі, што 29-ты стандарт ужываецца рэдка (ў 2014 дзейнічаў толькі ў чатырох краінах свету, уключаючы Беларусь) і інвестары, у тым ліку міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія прысутнічаюць на беларускім рынку, «адчувалі цяжкасці з карэктнай інтэрпрэтацыяй эфектаў прымянення стандарту на фінансавую справаздачнасць». 

«Гэта акалічнасць стварала дадатковую суб'ектыўную невыразнасць адносна фінансавага стану і вынікаў дзейнасці арганізацый і не магла не ўплываць адмоўна на ацэнку рызыкаў інвеставання і вядзення бізнесу ў Беларусі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе мінскага офіса Deloitte. 

Стандарт 29-ты МСФС ўводзіцца, калі кумулятыўны індэкс інфляцыі ў краіне за тры апошнія гады набліжаецца да адзнакі 100% або перавышае яе. У чацвёртым квартале 2014 года сукупны паказчык інфляцыі за тры гады знізіўся ніжэй за 100-працэнтны ўзровень.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру