Беларускае палітычнае поле пасля разгромнага 19 снежня 2010 года з'яўляецца выпаленай зямлёй. На любое дзеянне ўлада рэагуе хваравіта, як вампір на сонечнае святло. Але сіла дзеяння роўная супрацьдзеянню, і палітычная сутнасць чалавека ўсё роўна знаходзіць выхад у іншых сферах соцыуму.
Большай часткай гэта с*ачы на форумах і ў каментарах. Але канапавыя каментатары не заменяць нам грамадзянскай супольнасці і актывістаў.
Усе аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы падаюць — і Беларусь не выключэнне. Вядома, за 20 гадоў шмат каму можа падацца, што час спыніўся, і перамены не прыйдуць ніколі. Такое меркаванне неверагодна небяспечнае, бо грамадства, замест падрыхтоўкі да вялікіх гістарычных падзей, рохляй развальваецца ва ўтульненькіх пакойчыках шэрых панэльных хатак. Беларусі неабходная не змена ўлады, а змена рэжыму ўлады, інакш мы будзем бачыць бясконцы парад Лукашэнак на прэзідэнцкім крэсле.
Калі паглядзець на галоўную праблему пострэвалюцыйных таварыстваў, то ўсюды паўстае адно пытанне — хто ўзначаліць перамены? Кадры, кадры, кадры. Любы разумны чалавек выступае за тое, каб сотні і тысячы карупцыянераў, неэфектыўных саўкоў сышлі з улады. А хто ж сядзе на іх месца? Значыць, нацыянальна-дэмакратычнаму руху патрэбная свая армія менеджараў рознага звяна, здольная кіраваць працэсамі рознай складанасці. Выдатнай падрыхтоўкай для нас могуць паслужыць грамадзянскія культурна-сацыяльныя праекты. Па-першае, за іх пакуль не саджаюць. А па-другое, вы несяце карысць, а не толькі «ваюеце» ў каментарах.
Калі хтосьці даўно гарыць жаданнем нарэшце ўключыцца ў грамадска-карысную працу, партал 1863x.com падрыхтаваў для вас хіт-парад праектаў, у якіх можна паўдзельнічаць. Выбірайце на любы густ:
1. «Арт-Сядзiба».
Адзін з самых дзейсных за апошні час грамадзянскіх праектаў, які стаіць за многімі карыснымі мерапрыемствамі. Яны арганізоўваюць Дні вышыванкі, раздаюць кіламетры нацыянальных стужачак, праводзяць разнастайныя дабрачынныя канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы. Калі хочаце правесці свае курсы, акцыі, семінары, кінапаказы і іншыя займальныя рэчы, то смела звяртайцеся да гэтых людзей.
2. «Будзьма беларусамi».
Грамадзянская культурная ініцыятыва «Будзьма беларусамi» працуе ўжо шосты год запар. За гэты час яны правялі каля 5 тысяч мерапрыемстваў у 220 населеных пунктах Беларусі. Бо не адным Мінскам Беларусь жыве: несці ініцыятывы ў рэгіёны — адна з найважнейшых і найскладанейшых работ.
3. «Talaka.by»
Найлепшы краўдфандынгавы рэсурс, на якім сабраныя праекты самай рознай накіраванасці. Хочаце — ахвяруйце грошы. Хочаце — далучайцеся і бярыцеся працаваць дзеля ўпадабанай ідэі. Можаце зрабіць і свой праект, прыцягваючы рэсурсы і валанцёраў. Краўдфандынг — вельмі слабое звяно беларускага грамадства, але без яго мы не атрымаем эфектыўных вынікаў у будучыні.
4. Пошукава-выратавальны атрад «Анёл».
Напэўна, самая эфектыўная і карысная грамадзянская ініцыятыва, якая не датычыць культуры ці палітыкі. За некалькі гадоў існавання яны змаглі пабудаваць дзейсную сістэму пошуку зніклых людзей, часта працуючы сумесна з дзяржаўнымі органамі. Дзякуючы ім знойдзена мноства зніклых людзей. Ініцыятыве патрэбная любая дапамога — грошы, тэхніка, валанцёрства, а часам радыётэхнічная кансультацыя.
5. Курсы вывучэння беларускай мовы.
Самы прыемны трэнд 2014 года — гэта папулярызацыя нашай роднай мовы і з'яўленне ўсё новых і новых праектаў па яго вывучэнню. Вось самыя папулярныя:
«Моваведа»
Шточацьвер а 19-й гадзіне ў Менску,
вул. Францыска Скарыны, 12, бізнэс-цэнтар «Валеа», 3 паверх, канфэрэнц-заля.
Неўзабаве курсы адчыняць філіял у Горадні.
«Моўныя сустрэчы»
Штосерады а 18.30 у Арт Сядзібе (Менск, пр. Незалежнасьці, 58, офіс 430)
Выкладчыкі: Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі, удзельнічалі таксама Зьміцер Саўка, Лявон Баршчэўскі.
«Мова Нанова»
Штопанядзелка а 19 гадзіне ў Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а) — курсы «Мова Нанова» для дарослых.
Штонядзелі а 10:30 і 11:30 — заняткі «Мова Нанова» для дзетак.
Выкладчыкі: Глеб Лабадзенка, Алеся Літвіноўская, Алена Церашкова, а таксама запрошаныя госьці і музыкі.
«Мова TUT»
Галерэя TUT.BY па адрасе: праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх. Усе пытанні што да клубу дасылайце на адрас [email protected].
Паколькі ўлады Беларусі пляваць хацелі на правы жывёл і праблему бяздомных сабак і катоў, цяжкая ноша выратавання нашых любімых істот легла на плечы звычайных грамадзян. Адзін з самых нябачных франтоў працы, які цягнецца часцяком на плячах далікатных і прыгожых дзяўчат. Ім вельмі патрэбная ваша дапамога.
7. Таварыства Беларускай Мовы.
Адна з найстарэйшых грамадзянскіх арганізацый Беларусі. Дзейнічае з 1989 года і налічвае больш за шэсць тысяч сяброў. Мэтай ставіць абарону правоў беларускай мовы і яе распаўсюд. Актыўна змагаецца за адкрыццё беларускамоўных школ і класаў. У арганізацыі складаецца мноства інтэлектуальнай і культурнай эліты дэмакратычнай Беларусі.
8. «Ежа замест бомбаў».
Можна па-рознаму ставіцца да анархічнага руху, але спробы беларускай міліцыі забараніць раздаваць бяздомным ежу вельмі раздражняюць. Здаецца, такая банальная дробязь для ўсяго свету, а ў нас яна ператвараецца ў цэлую палітычную праблему. Калі вам неабыякавыя праблемы бяздомных людзей, тады можаце далучыцца да гэтай ініцыятывы.
9. «Ахова Птушак Бацькаўшчыны».
Дадзеная арганізацыя займаецца не толькі аховай птушак, але і захаваннем прыродных экасістэм, змагаецца супраць знікнення балот і нерацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. АПБ з'яўляецца найбуйнейшай некамерцыйнай прыродаахоўнай арганізацыяй. Калі хочаце жыць у чыстай і экалагічнай краіне — далучайцеся.
10. Street Workout
Гэта хаатычны рух спартсменаў, які выступае за спартовы лад жыцця, пры якім не абавязкова гадзінамі праводзіць час у спартзалах. Дастаткова будзе турнічка ў вашым двары. Стварыць сваю вулічную трэніровачную групу вельмі проста — патрэбныя вы і яшчэ, як мінімум, адзін чалавек. Разумным беларусам не хапае культу актыўнага спорту, таму з гэтай ініцыятывы лягчэй за ўсё пачынаць свой грамадзянскае рух.
Натуральна, што існуе яшчэ вялікая колькасць іншых карысных ініцыятыў. Нехта дапамагае дзецям, нехта змагаецца супраць наркаманіі, нехта возіць рэчы ў дзіцячы дом. Вельмі важная праца ў рэгіёнах, бо на адным Мінску Беларусь не выедзе. Пішыце ў каментарах вашы варыянты карысных праектаў.





