Пазіцыі і магчымасці Расіі ва Украіне ўвесь час пагаршаюцца, піша экс-лідар расійскіх баевікоў на ўкраінскім Данбасе Ігар Гіркін («Стралкоў») на форуме forum-antikvariat.ru, дзе ён з вясны паведамляў аднадумцам пра свае дзеянні.

Стралкоў у час, калі ён узначальваў расійскіх баевікоў на Данбасе.

«Час працуе на украў… Яны шалёнымі тэмпамі аднаўляюць армію, заканчваюць замбаванне насельніцтва і з радаснай надзеяй назіраюць за дзейнасцю пятай калоны ў атачэнні самога Вярхоўнага», — напісаў экс-афіцэр ФСБ, які раней прызнаў, што ён нясе адказнасць за пачатак вайны на ўсходзе Украіны.

«Вярхоўным» ён называе Уладзіміра Пуціна — прэзідэнта РФ і галоўнакамандуючага расійскімі ўзброенымі сіламі.

Ён лічыць, што за зіму ўкраінцы змогуць перападрыхтаваць і пераўзброіць армію, падвысіўшы яе колькасць і якасць настолькі, што тыя расійскія рэгулярныя часткі, якія таемна ваююць супраць Украіны, ужо не змогуць супрацьстаяць узброеным сілам Украіны.

Адначасова санкцыі і эканамічны крызіс сур'ёзна аслабяць гатоўнасць расійскага грамадзства «абараняць рускі свет», а таксама знізіцца лаяльнасць да Пуціна расійскага чынавенства. На падкантрольнай расійскім баевікам разбуранай і збяднелай тэрыторыі Данбаса ў той жа час насельніцтва, піша Гіркін-Стралкоў, будзе адчуваць толькі нянавісць да Пуціна і Расіі.

Украінскія войскі на паўднёвым усходзе краіны, лета-восень 2014 года.

Атака ўкраінскіх войскаў вясной будзе рашучай, і без адкрытай буйнамаштабнай расійскай інтэрвенцыі хутка разаб'е сілы «ДНР» і «ЛНР». Калі Расія не пойдзе на адкрытую вайну супраць Украіны, лічыць Гіркін, Украіна пачне змаганне за Крым. Таксама ў такім варыянце Пуціну пагражае «маскоўскі майдан», які арганізуецца не толькі з дэмакратаў, але і «шырокіх колаў патрыятычных грамадзян».

«Трэба рыхтавацца да вялікай вайны… А ужо зараз — трэба цалкам разбіць украў, пакуль яны не гатовыя да паўнамаштабнага ўдару. Вясной будзе позна», — заключае Гіркін, які для многіх ў Расіі стаў сімвалам «змагання за рускі свет».

Несумненна, ён разумее, што яго чытаюць не толькі прыхільнікі, але і праціўнікі, у тым ліку аналітыкі. І гэтыя словы можна разглядаць не толькі ў простым сэнсе, але і як прыхаваную пагрозу Крамля Украіне і Захаду. Зусім верагодна, што праз Гіркіна Масква кажа, што можа пачаць адкрытую і вялікую вайну ў цэнтры Еўропы, калі яе ўмовы не будуць прынятыя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру