Зразумела, ехаць да дактароў з нейкай лухтой у свята мала хто хоча. І ў той жа час ёсць моманты, калі прачакаць «да панядзелка» значыць замест некалькіх дзён прахварэць некалькі месяцаў. Якія ж хваробы патрабуюць адарвацца ад святочнага стала і ехаць у лякарню?

Востры боль на тое і востры, каб чалавек кінуў усё і бег па дапамогу. Калі з «вострым жыватом» людзі звычайна не жартуюць, то зубны боль трываюць да апошняга: а раптам само пройдзе? І лечацца «народнымі сродкамі». А ў той жа час хваробы зубоў – рэч сапраўды небяспечная. Калі зуб баліць не першы дзень, чакайце, што на свята ён нагадае пра сябе. Убачылі, што твар прыпух, стаў кепска адкрывацца рот, балюча глытаць? Не спрабуйце лячыцца народнымі сродкамі: едзьце ў лякарню. Не ходзіць транспарт альбо не ведаеце, куды ехаць? Выклікайце «хуткую дапамогу», вас завязуць.

Траўмы таксама не любяць чакання. Свежая рана, не зашытая напрацягу некалькіх гадзін, робіцца гнойнай. І спробы ў хаце замазаць ёдам ці заліць перакісам вадарода не гарантуюць поспеху. Пераломы – асабліва адкрытыя пераломы (вы ведаеце, што пераломы сківіц – гэта адкрытыя пераломы, нават калі вы не бачыце вонкавых пашкоджанняў?) – за дзень-два могуць ускладніцца астэаміелітам, лячыць абвастрэнні якога вы будзеце штовосень да канца жыцця. Таму атрымалі ў твар ці няўдала паслізнуліся – разварочваемся і едзем у лякарню.

Не варта чакаць значнага пагаршэння, калі вы – хранічны хворы і адчулі абвастрэнне хваробы.

Шмат хто з пацыентаў тлумачыць позні зварот да доктара тым, што п’яны не хацеў ехаць. Пакінуўшы за кадрам лекцыю пра шкоду алкаголю, спынімся на галоўных момантах.

Алкаголь маскіруе сімптомы. Вам не так ужо і баліць, а справы дрэнь. Ударыліся галавой? У п’янага ацёк мозга кампенсуецца мачагонным эфектам спірта. Калі траўма мозга сур’ёзная, па працверазенні чалавек, не прачынаючыся, упадае ў кому, а вы думаеце – спіць саколік.

Алкаголь не дае добра падзейнічаць замарозцы – так, але хто вам сказаў, што з пахмелля замарозка добра бярэцца? А вось гнойныя ўскладненні не даюць цалкам абязболіць ані п’янага, ані цвярозага.

Алкагольнае ап’яненне пазначаюць у даведцы і ў гісторыі хваробы (а потым – у бальнічным лістку). Вы супраць? А што доктару рабіць? Алкаголь моцна ўплывае на лячэнне, на сімптомы, на паводзіны чалавека. І пры разборы спрэчных выпадкаў поўны дыягназ абараняе лекара. Таму лепш ведаць меру і не пачынаць «святкаваць», калі пачуваецеся не лепшым чынам.

Дзяжурныя дактары на працы не святкуюць (выключэнні бываюць, але гэта зусім не тое, што 15-20 год таму, калі працвятаў слоган «П’яному хвораму – п’яны лекар»). Не шкадуйце дзяжурнага доктара: пашкадуйце сябе. Доктар выгляду не пакажа, што рады вас бачыць у свята. Дактары, наогул, любяць здаровых. Але сваечасовую першую дапамогу вы будзеце мець. А тыя, хто дачакаюцца «панядзелка», апроч пагаршэння здароўя і чаргі на паўдня атрымаюць бясплатны курс лекцый на тэму «А дзе ж вы сядзелі так доўга і чаму б вам там далей не сядзець».

Куды ж бегчы па дапамогу ў святочную ноч? Жыхарам сталіцы лепей набраць 103 альбо пазваніць ў аддзел шпіталізацыі. Не рызыкуйце ехаць наўгад туды, дзе лячыліся 10 год таму – лякарні перапрафілююца, аддзяленні пераязджаюць ці зачыняюцца.

Мінздраў абяцае, што ў калядны перыяд медустановы працуюць наступным чынам:

Лякарні (стацыянары)

20 снежня 2014 г. — паводле графіка суботняга дня;
25 снежня 2014 г. — святочны дзень;
26 снежня 2014 г. — працоўны дзень;
1 студзеня 2015 г. — святочны дзень;
2 студзеня 2015 г. — працоўны дзень;
7 студзеня 2015 г. — святочны дзень;
10 студзеня 2015 г. — паводле графіка суботняга дня.

Паліклінікі, амбулаторыі, санітарна-эпідэмічныя ўстановы, аптэкі, медтэхнікі, станцыі пералівання крыві і г.д.

20 снежня 2014 г. — працоўны дзень;
25 снежня 2014 г. — святочны дзень;
26 снежня 2014 г. — паводле графіка суботняга дня;
1 студзеня 2015 г. — святочны дзень;
2 студзеня 2015 г. — паводле графіка суботняга дня;
7 студзеня 2015 г. — святочны дзень;
10 студзеня 2015 г. — працоўны дзень.

Варта мець на ўвазе: стацыянары аказваюць неадкладную дапамогу кругласуткава, незалежна ад выходных і святаў. У дні чаканага павялічэння паступленняў – дзяржаўныя святы і г.д. – дзяжурныя брыгады хірургаў буйных экстраных стацыянараў узмацняюцца дадаткова.

Урачы аддзялення ў святочныя і выходныя дні перадаручаюць вядзенне хворых дзяжурным дактарам. У святочныя і выходныя дні, а таксама на ноч, абавязкова прызначаецца дзяжурны адміністратар (адказны па лякарні), з якім вырашаюцца спрэчныя пытанні як медычнага, так і адміністрацыйнага плана.

А вось атрымаць кансультацыю спецыялістаў кафедры медычнага ўніверсітэта альбо акадэміі паслядыпломнай адукацыі, якія працуюць у стацыянарах, вы можаце ў адпаведнасці з графікам працы ўстаноў адукацыі – пры пераносе працоўных дзён графік працы лекараў аддзялення і кафедры часта не супадае.

У паліклініках дактары працуюць па суботах прыблізна 1 раз на месяц, то бок і ў суботу вам можа пашанцаваць трапіць да вузкага спецыяліста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?