Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч распавёў на перадкаляднай прэс-канферэнцыі, чым жыла каталіцкая супольнасць у сыходзячым годзе і ў якім напрамку будзе рухацца надалей. Не абмінуў кіраўнік дыяцэзіі і свецкія пытанні. Прынамсі выказаўся наконт моды на вышыванкі.

Біскуп зазначыў, што 2014 год быў вельмі напружаны і багаты на падзеі. Віцебская дыяцэзія адсвяткавала сваё 15-годдзе: «Гэтыя 15 год былі перыядам арганізацыі дыяцэзіі, утварэння структуры, асабліва ва ўсходняй частцы Віцебскай вобласці, дзе ў свой час касцёл перанёс найбольшыя страты. За гэтыя 15 год касцёл паўставаў і развіваўся».

Сёлета было шмат юбілеяў. 100 год споўнілася касцёлу ў Відзах (Браслаўскі раён), 110 год – храму ў Параф'янаве (Докшыцкі раён). Сваё 500-годдзе адсвяткавала мястэчка Мосар, 600-годдзе – Глыбокае. Касцёл адзначаў таксама 100 год з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка.

Алег Буткевіч прызнаўся, што і асабіста для яго 2014-ты быў нялёгкім, бо гэта першы год ягонага служэння ў якасці біскупа: «Час асваення з новым становішчам, атрымання нейкай унутранай згоды… Гэта вымагала напружання. Але памаленьку асвойваюся».

«Незабыўныя ўражанні» ў біскупа засталіся пасля сустрэчы ў Рыме з папам Францішкам: «Гэта адбылося ў межах традыцыйнай сустрэчы Святога Айца з маладымі біскупамі. На жаль, імпрэза была вельмі кароткая. Я падзякаваў за прызначэнне. Проста паразмаўляць магчымасці не было, але, спадзяюся, усё наперадзе».

Па словах Алега Буткевіча, асноўным напрамкам дзейнасці ў будучым годзе будзе душпастарская праца на месцах: «Плануем прысвяціць наступны год сустрэчам са святарамі і вернікамі ў парафіях, каб лепей ведаць сітуацыю на месцах».

У 2015 годзе, па словах біскупа, не плануецца глабальных праектаў па адкрыцці новых святынь. Будуць даводзіцца да канца тыя справы, якія пачаліся раней: рэстаўрацыя касцёла Святой Барбары ў Віцебску, інтэр'ерныя працы ў касцёле Святога Антонія на вуліцы Гагарына абласнога цэнтра, арганізацыя новай парафіі у Паставах.

«Але калі казаць наогул пра пабудову і рамонт храмаў, то асноўная праца ў дыяцэзіі ўжо праведзена. І цяпер усе сілы накіруем на душпастарскі аспект, на працу па духоўным і больш паглыбленым развіцці нашай дыяцэзіі. На працу па духоўным узрастанні», - дадаў біскуп Алег Буткевіч.

Не абышлі ўвагай на прэс-канферэнцыі і самы гарачы моладзевы трэнд – вышыванкі. Ці спрыяе гэта захапленне духоўнаму ўзрастанню?

«Цяжка у гэтым трэндзе заўважыць нейкі духоўны аспект. Але касцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры. Вышыванкі – гэта частка нашай культуры і самабытнасці. І калі гэта спрыяе ўмацаванню самасвядомасці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам – я думаю, гэта вельмі добрая справа. Бо тое, чаго нам, на жаль, вельмі часта не хапае – гэта цаніць сваю самабытнасць і сваю культуру, цаніць гэтыя сапраўды шматлікія каштоўнасці і дары, якімі гэтую краіну і людзей надзяліў Бог», - адзначыў біскуп Віцебскі.

Умацаванню самасвядомасці будзе спрыяць і штогадовы фестываль «Дні хрысціянскай культуры», які адкрыецца ў Віцебску 20 снежня ў кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага (вуліца Воінаў-інтэрнацыяналістаў, 28) выставай дзіцячай творчасці «Божы свет вачыма дзяцей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?