У Беларусі падрыхтаваны папярэдні план структурных рэформаў. Эксперты не вераць, што ўрад пойдзе на эканамічныя пераўтварэнні ў год прэзідэнцкіх выбараў. А вось пасля яго змяненні стануць вострай неабходнасцю.

Усё ідзе па плане

У Беларусі плануецца распрацаваць праграму па правядзенні структурных рэформаў, паведаміў нядаўна намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

«Мы актыўна абмяркоўваем гэтыя пытанні з Міжнародным валютным фондам і Сусветным банкам, каб выпрацаваць агульную канцэпцыю, а магчыма, і арганізаваць сумесную праграму па структурных рэформах у Беларусі. Урадам ужо падрыхтаваны папярэдні план структурных рэформаў, які можа легчы ў аснову такой праграмы», — сказаў Ермаловіч.

Паводле яго слоў, ключавыя пазіцыі гэтага плана — далейшая лібералізацыя эканомікі, рынкаў капіталу, працы, цэнаўтварэння, каб ствараць канкурэнтнае асяроддзе і стымуляваць развіццё прыватнага бізнэсу.

Не раздражняць электарат

Эксперт па эканоміцы «Ліберальнага клуба» Антон Балточка сумняваецца, што ў наступным годзе ўлады пойдуць на рэформы, бо прызначаны прэзідэнцкія выбары, а рэформы цягнуць за сабой дыскамфорт у грамадстве, у тым ліку скарачэнне даходаў насельніцтва.

«У выпадку правядзення рэформаў наша эканоміка павінна скараціцца. Эканоміка, якая падае альбо стагнуе, — гэта не самы лепшы фон перад выбарамі для цяперашніх уладаў», — мяркуе Балточка.

Незалежны эканаміст Аляксандр Абуховіч падзяляе меркаванне калегі. «У 2015 годзе выбары, структурныя рэформы без адмовы ад «беларускай мадэлі» немагчымыя», — кажа эксперт.

Тое, што рэформаў у наступным годзе не прадбачыцца, у інтэрв'ю БелаПАН, па сутнасці, пацвердзіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Адказваючы на пытанне, якім чынам і ў які тэрмін плануецца рэфармаваць сістэму дзяржпадтрымкі, ён сказаў, што «новую сістэму дзяржпадтрымкі (…) плануем укараняць з 2016 года». Кажучы аб рэформе рынку працы, міністр эканомікі растлумачыў, што «ўраду неабходна будзе правесці яе ў наступнай пяцігодцы».

Запыт на змены ў грамадстве ёсць, але…

Заявы ўрада аб будучых рэформах Антон Балточка ўвязвае з жаданнем уладаў апраўдаць чаканні насельніцтва.

Паводле даследавання Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Літва), больш за 75% рэспандэнтаў лічаць правядзенне рэформаў у той ці іншай ступені неабходным. Цярпець негатыўныя наступствы рэформаў гатовыя больш за 50% беларускіх грамадзян.

Праўда, уяўленне аб рэформах сярод беларусаў досыць размытае. На думку большасці, іх вынікам павінна стаць сістэма палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу, падобная да шведскай.

Расія можа ненаўмысна падштурхнуць да пераўтварэнняў

Рэформы могуць стартаваць у снежні 2015-га альбо пачатку 2016 ода, калі не прыцісне «сітуацыя са знешнімі фактарамі», мяркуе Балточка.

На яго думку, тое, што слабее Расія, на якую завязана палова беларускага ВУП, можа негатыўна паўплываць на стан нашай эканомікі, што запатрабуе пераўтварэнняў.

Як тлумачыць эканаміст, з-за скарачэння попыту на беларускую прадукцыю на расійскім рынку і дэвальвацыі расійскага рубля ўжо і так пакутуюць нашы экспарцёры.

Далейшае падзенне кошту на нафту прывядзе да таго, што беларускі бюджэт недалічыцца сродкаў ад вывазных мытных пошлін. Акрамя таго, не факт, што ў існуючых эканамічных умовах Расія знойдзе лішнія адзін-два мільярды даляраў крэдытаў для падтрымкі Беларусі.

«Калі ўсё гэта прыцісне і грошай не будзе хапаць, тады трэба будзе ісці на экстранныя меры: альбо прадаваць уласнасць, што ўлады зробяць у скрайнім выпадку, альбо праводзіць рэформы, альбо шукаць грошы пад рэформы», — кажа Антон Балточка.

Крызіс змусіць варушыцца

У адрозненне ад эксперта з «Ліберальнага клуба», Аляксандр Абуховіч прагназуе правядзенне рэформаў у больш позні тэрмін.

«На сённяшні дзень чыноўнікі і дырэктарскі корпус катэгарычна супраць рэформаў. Усё будзе залежаць ад глыбіні крызісу пасля 2015 года», — кажа Абуховіч.

Ён бачыць вялікую верагоднасць паўтарэння фінансавага крызісу 2011 пасля прэзідэнцкіх выбараў, што падштурхне ўлады да рэформаў.

«Рэальны старт рэформаў можна аднесці да 2017—2018 года. Пасля паўтарэння крызісу нават да самых вялікіх тугадумаў дойдзе, што трэба нешта рабіць. Тады, пасля разлютаваных спрэчак, магчымыя нейкія зрухі», — лічыць Абуховіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру