Нягледзячы на цяжкасці і праблемы, беларусы з годнасцю пражылі гэты год, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 снежня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод. 

«Гэты год быў няпростым, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Каля самых нашых межаў раптам загарэўся новы гарачы пункт. Радыкальным чынам змяніліся міжнародныя адносіны. Здаецца, чалавецтва ўваходзіць у чарговы перыяд напружанасці і супрацьстаяння».

Беларусы, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не адмовіліся ад прынцыпаў добрасуседства, захавалі мір і стабільнасць у грамадстве. 

Лукашэнка падкрэсліў, што ў 2014 годзе ў краіне быў сабраны «неблагі ўраджай зерневых і іншых культур», арганізаваная харчовая бяспека краіны, уведзеныя ў строй новыя і мадэрнізаваныя прадпрыемствы, у выніку чаго прамысловы патэнцыял павялічаны амаль на паўтары тысячы арганізацый. «У беларускай сталіцы і рэгіёнах за год пабудаваныя жылыя масівы і сацыяльна-культурныя аб'екты. Упершыню за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі мы прымалі ў сябе буйное міжнароднае першынство — чэмпіянат свету па хакеі», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы вызначыў, што Беларусь сваімі дасягненнямі «абавязаная тым, хто ўпарта працуе, каб зрабіць жыццё лепшым». 

Дзяржаўных узнагарод удастоеныя прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку работнік ААТ «БелАЗ», кіраўнік філіяла «Сервалюкс Агра» СЗАТ «Сервалюкс». Асобна Лукашэнка адзначыў заслугі беларускіх будаўнікоў, у прыватнасці калектывы ААТ «Гроднажылбуд», Бялыніцкай перасоўнай механізаванай калоны № 241, Брэсцкага будаўнічага трэста № 8, Мінскага ўпраўлення механізацыі № 79.

Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоеныя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, прадстаўнікі Узброеных сіл і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; ганаровых званняў і дзяржаўных узнагарод — вядучыя педагогі, работнікі СМІ, дзяржаўныя служачыя і дзеячы культуры. Адзначаныя поспехі беларускай вышэйшай адукацыі, медыкаў, спартсменаў. Уганараваныя акцёры Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, кіраўнік аркестра народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?