Расійскі рубель зноў абнавіў мінімум: учора курс даходзіў да 80 рублёў за дялар, а напрыканцы дня «ўстаканіўся» на паказніку 72. Разам з падзеннем кошту на нафту да ўзроўню ў 55 даляраў гэта стала яшчэ адным сур’ёзным ударам па расійскай эканоміцы. «Наша Ніва» аналізуе, што на гэты конт думаюць замежныя эксперты, якія спосабы вырашэння сітуацыі яны бачаць і як прагназуюць далейшае развіццё падзей.

«Жах ахапіў усіх»

Наталі Кітроф і Джо Вайзэнталь з Bloomberg Businessweek лічаць дзеянні Расіі адным з каталізатараў цяперашняй сітуацыі: «Прычынай бед расійскай эканомікі з’яўляюцца дзве вялікіх рэчы: падзенне коштаў на нафту і эканамічныя санкцыі (памятаеце Крым?). Нафтавая і газавая прамысловасць прыносіць каля паловы даходаў Расіі, так што, калі спалучэнне «сланцавага буму» ў ЗША і зніжэнне попыту ва ўсім свеце штурхнула кошт на нафту ад $110 за барэль у пачатку гэтага года да $60 цяпер, Расія моцна пацярпела. Санкцыі, уведзеныя Еўропай і ЗША, накіраваныя на пакаранне расійскіх кампаній за дзеянні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ва Украіне таксама нанеслі свой удар».

«Але чаму гэта адбываецца прама цяпер? Што змянілася ў панядзелак? – задаюцца пытаннем эксперты. — Тое, што мы бачым у апошнія дні, нагадвае вялікую паніку. У гэтым няма нічога новага. На сёння гэта псіхалагічны момант: жах ахапіў усіх, і цяпер відавочныя паспешлівыя рухі з боку трэйдараў і інвестараў, накіраваныя на тое, каб хутчэй вывесці свае грошы з расійскіх актываў. Мы бачым уцёкі з усёй краіны».

Такая не самая аптымістычная ацэнка цяперашніх падзей у Расіі суправаджаецца падобным па рыторыцы прагнозам на будучыню. Эксперты Bloomberg Businessweek прыводзяць варыянт развіцця падзей, пры якім расійская эканоміка здолее хоць неяк ачуняць: «У ідэальным варыянце Пуцін будзе бачыць, што яго эканоміка разбураецца (паслабленне валюты і рост працэнтных ставак пагражаюць смяротным спалучэннем эканамічнага спаду і нястрымнай інфляцыі), і прыме меры, якія б пераканалі Еўропу і ЗША, што можна палегчыць санкцыі. Гэтага, верагодна, будзе дастаткова, каб спыніць паніку, а таксама мець рэальную эканамічную выгаду».

У той жа момант Кітроф і Вайзэнталю не верыцца, што гэты варыянт спрацуе: «Але каб зрабіць гэта, яму [Пуціну] прыйдзецца рэзка адступіць ад сваёй дзейнасці ва Украіне, і, шчыра кажучы, вельмі малаверагодна, што гэта адбудзецца. Авантура Пуціна ва Украіне вельмі папулярная ў Расіі, і гэта адна рэч, на якая яго падтрымлівае».

«Мы не ведаем, што будзе далей»

Міхаэль Бірнбаум, кіраўнік маскоўскага аддзялення газеты The Washington Post надае значэнне ў цяперашняй сітуацыі не толькі санкцыям з боку Захаду, але таксама і агульнаму іміджу Расіі, які склаўся ў апошні час: «Санкцыі маюць значэнне, але цяжка сказаць, што галоўнае. Тыя, уведзеныя ў сакавіку, калі Расія далучыла Крым, не былі накіраваныя на стварэнне пашкоджанняў эканоміцы ў цэлым, толькі кашалькам людзей, блізкіх да Пуціна. Больш моцныя абмежаванні былі ўведзеныя ў ліпені пасля таго, як самалёт Malaysia Airlines MH17 быў збіты над ўсходняй Украінай. Найбуйнейшыя расійскія банкі цяпер маюць значныя цяжкасці ў запазычанні даляраў, што робіць жыццё для астатняй часткі расійскай эканомікі таксама вельмі жорсткім. Але многія інвестары стаяць у баку ад Расіі не толькі з-за санкцый, але з-за агульнага палітычнага становішча, якое ўвогуле непрадказальна.

Эксперт канстатуе наяўнасць пэўных рэзерваў у расійскага прэзідэнта, але выказвае думку, што таму ўсё ж прыйдзецца «здаць назад»: «Няясна, што гэта значыць для Пуціна, хоць і падзенне рубля, вядома, для яго не вельмі добра. Расіяне вытрымлівалі горшае — у 1998 годзе зберажэнні многіх людзей былі знішчаныя. А ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза, часам нават такія базавыя рэчы, як туалетная папера, былі ў дэфіцыце. Такім чынам, людзі прывыклі жыць з болем, асабліва, калі ім магутнае дзяржаўнае расійскае тэлебачанне кажа пра тое, што гэта ўсё для барацьбы з Захадам. Рэйтынг Пуціна па-ранейшаму блізкі да рэкорднага максімуму. Але яму, магчыма, прыйдзецца прыхаваць свае амбіцыі ў адносінах да Украіны, бо ён мае ўжо менш нафтавых грошаў, якімі можна раскідвацца».

«Ці азначае гэта, што Пуцін павінен адступіць ва Украіне? – спрабуе даць канкрэтны адказ Бірнбаум. — Пуцін ніколі адкрыта не заяўляў аб сваіх мэтах ва Украіне, - і ён адмаўляе адпраўку войскаў на ўсход Украіны, хоць заходнія журналісты бачылі іх там». Але ўсё ж прагназаваць атрымліваецца не так і проста. «Такім чынам, мы не ведаем, што будзе далей. Некаторыя аналітыкі лічаць, ён будзе вымушаны адступіць. Крохкае і кароткае спыненне агню, якое, здаецца, трымаецца ва Усходняй Украіне, можа быць першай прыкметай прымірэння. Але НАТА і Украіна сведчаць, што Расія апошнім часам умацавала свае пазіцыі там. Да таго ж некаторыя аналітыкі і дыпламаты кажуць, што Крэмль можа заняць яшчэ больш жорсткую пазіцыю за мяжой, калі гэта неабходна, каб падтрымаць свае рэйтынгі ўнутры краіны», – канстатуе эксперт.

«У расійскіх палітыкаў цяпер толькі дрэнныя варыянты»

Джэніфер Ранкін, супрацоўніца The Guardian, звяртае ўвагу на дзеянне санкцый, але і канстатуе вялікую ролю падзення кошту нафты ў цяперашнім «рублёвым крызісе»: «Санкцыі з’яўляюцца толькі часткай усёй гісторыі. Так, кіраўнік Цэнтральнага банка РФ Эльвіра Набіуліна у аўторак абвінаваціла падзенне коштаў на нафту і заходнія санкцыі ў ціску на валюту. Цэны на нафту ўпалі ніжэй за $60 за барэль, што з’яўляецца велізарнай праблемай для Расіі, дзе даходы ад нафты і газу забяспечвалі больш за палову дзяржаўнага бюджэту. Расійскія ўлады разлічвалі на цэны на нафту ў $100 за барэль у 2015 годзе, таму прагназуецца рэзкі спад у эканоміцы, калі кошты застануцца на бягучых узроўнях. У той жа час дзейнасць расійскіх банкаў замарожаная на заходніх рынках капіталу ў выніку санкцый ЕС і ЗША у адказ на дзеянні Расіі ва Украіне. У выніку, банкі звяртаюцца ў цэнтральны банк, каб ён дапамог ім рэфінансаваць свае даўгі, мабілізуючы свае рэсурсы».

Эксперт The Guardian таксама не бачыць нагоды для аптымізму ў цяперашнім становішчы расійскай эканомікі: «Якія варыянты ёсць цяпер у расійскіх палітыкаў? Толькі дрэнныя. Цэнтральны банк можа працягваць абараняць рубель, выдаткаваўшы свае валютныя рэзервы для падтрымкі нацыянальнай валюты. Хоць Расія сядзіць на адных з найбуйнейшых валютных рэзерваў у свеце з-за сваіх нафтавых і газавых даходаў, яе запасы грошай хутка скарачаюцца. У 2014 годзе Расія выдаткавала $80 мільярдаў на падтрымку рубля, каля адной пятай часткі ўсіх сваіх фінансавых запасаў».

«Банк можа павысіць стаўкі яшчэ раз, але зрабіць гэта будзе нялёгка для пазычальнікаў, што прывядзе да яшчэ большага эканамічнага спаду ў краіне. Іншы варыянт заключаецца ў валютным кантролі — спыненні людзей ад вывазу грошай з краіны. Але гэта можа ператварыць крызіс у поўнамаштабную паніку», – канстатуе спадарыня Ранкін.

Апошні варыянт развіцця падзей не выключаюць і іншыя аналітыкі. Так, Ніл Шырынг з Capital Economics лічыць, што расце верагоднасць больш рашучых дзеянняў з боку расійскіх фінансавых улад: «Прыхільнікі жорсткай лініі ў Крамлі, хутчэй за ўсё, будуць спрабаваць усталяваць поўны кантроль за рухам капіталу. Але мы падазраём, што строгія формы кантролю за рухам капіталу, верагодна, застануцца мерай на крайні выпадак», — сказаў ён. Але відавочна, што гэтакія віды кантролю не з’яўляюцца асабліва папулярнымі на Захадзе: «Яны канчаткова знішчаць увесь давер да Расіі, які застаўся на сённяшні момант», – заключыў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?