Да самага вечара чэргі стаялі ў абменныя пункты валюту Мінску. Застрашаныя абвалам расійскага рубля, беларусы кінуліся мяняць рублі на даляры. Акрамя таго, частай аперацыяй была замена рублёвага дэпазіта валютным.

За 2014 год расійскі рубель зняцэніўся да даляра ўжо прыкладна на 80%, украінская грыўня — на 100%, казахстанскі тэнге — на 20%. Тым часам беларускі рубель — толькі на 14%.

На 1 студзеня афіцыйны курс даляра складаў 9520 беларускіх рублёў, 17 снежня ён складае 10870. Праўда, у абменніках сёння пасля абеду даляра пераважна прымалі па 11000, а прадавалі за 11100.

Тэмп дэвальвацыі беларускага рубля сёлета прыкладна супадаў з тэмпам інфляцыі. Але ў святле абвалу расійскай і ўкраінскай валют — а гэта асноўныя гандлёвыя партнёры Беларусі — рубель пачынае здавацца пераацэненым.

Эканамісты лічаць, што, калі расійскі рубель не адыграе сваіх пазіцый, то дэвальвацыя і беларускага рубля стане непазбежнай. Інакш наша фінансавая сістэма і прамысловасць не вытрымаюць.

Асацыяваны эксперт Даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджмента Зміцер Крук сказаў «Нашай Ніве», што, на ягоную думку, Нацбанк мусіць апераджальна рэагаваць на абвал у Расіі. На яго думку, курс беларускага рубля да расійскага мусіць адпавядаць таму, які быў у пачатку года.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што трэба рабіць беларускі рубель больш гнуткім: «Год таму быў зададзены прынцып курсаўтварэння — кожныя таргі даляр ці вырастае на 10 рублёў, ці застаецца на месцы. Гэты рэжым не змяняецца, што б вакол краіны не адбывалася.Надышоў час ад яго адмовіцца і зрабіць так, як было задэкларавана ў Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі: каб курс нацыянальнай валюты змяняўся пад уплывам попыту і прапановы».

У сталіцы валюты ў вялікіх абменніках хапіла да вечара. У той жа час з рэгіёнаў даходзяць паведамленні, што ў сувязі з ажыятажным попытам валюты пасля абеду не засталося. Тое самае і ў малых абменніках у Мінску: людзі гадзінамі чакалі, пакуль нехта здасць даляры ці еўра.

Далейшае развіццё сітуацыі будзе залежаць ад вестак з Масквы, ад крокаў Нацбанка Беларусі і ад наяўнасці ў яго рэзерваў, каб пагасіць агонь панікі валютнымі інтэрвенцыямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?