Больш за палову выпускнікоў ЕГУ падтрымалі кандыдатуру выпускніка праграмы «Міжнароднае права» 2011 года Сяргея Харытонава на пасаду прэзідэнта Асацыяцыі выпускнікоў ЕГУ. За яго прагаласавалі 63,77% выпускнікоў з тых, што ўзялі ўдзел у галасаванні.

За другога кандыдата – выпускніка праграмы «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні» 2012 года Андрэя Маеўскага – аддалі галасы 23,91% удзельнікаў галасавання. 12,32% прагаласавалі супраць усіх.

«Шаноўныя сябры, я вельмі ўдзячны вам за давер мне і маёй камандзе. Дзякуючы вашаму выбару мы зараз будзем мець нашмат больш праблем і нашмат менш вольнага часу – таму што адцяпер мы адказныя за рэалізацыю нетрывіяльнай і неймаверна цікавай задачы па закладанні падмуркаў супольнасці, закліканай з'яднаць шмат амбіцыйных, незвычайных і сімпатычных людзей, якія калісьці вучыліся разам», – звярнуўся да выпускнікоў ЕГУ прэзідэнт асацыяцыі Сяргей Харытонаў.

Па выніках галасавання, у выканаўчы камітэт Асацыяцыі ўвойдуць Андрэй Асадчы (Публічная палітыка, 2012), Сяржук Гаўрыленка (Медыя і камунікацыя, 2009), Сняжана Рогач (Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Еўропы, 2009).

93,48% удзельнікаў галасавання выказалі жаданне далучыцца да Асацыяцыі выпускнікоў, якая цяпер ствараецца.

У галасаванні ўзялі ўдзел 138 выпускнікоў ЕГУ. Яно сталася заключным этапам стварэння Асацыяцыі выпускнікоў ЕГУ, якая нядаўна зацвердзіла свой статут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?