Як паведаміла «Нашай Ніве» крыніца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, у шорт-лісце засталося тры кандыдатуры на пасаду рэктара. Гэта выканаўца абавязкаў рэктара Дэвід Полік, а таксама Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, і Таццяна Шчытцова, прафесар філасофіі ЕГУ.

Нам не ўдалося знайсці афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі.

Вядома, што ўчора і пазаўчора сустрэчы са студэнтамі праводзілі сем кандыдатаў, сярод якіх былі, у тым ліку, прарэктар ЕГУ Дарыус Удрыс і былы прарэктар Гродзенскага ўніверсітэта Алесь Краўцэвіч.

Паводле нашай інфармацыі, прэзідэнт ЕГУ і ягоны доўгачасовы рэктар Анатоль Міхайлаў хацеў бы, каб рэктарам стаў Полік. Полік кіраваў некалькімі навучальнымі ўстановамі на Захадзе.

Многія выкладчыкі і грамадзянская супольнасць баяцца, што выбар Поліка будзе азначаць курс на камерцыялізацыю ўніверсітэта, што ён стане менш беларускім, а больш — для «рускамоўных з розных краін». Акрамя таго, хадзілі чуткі, што заробак Поліка большы, чым заробак усіх прафесараў ЕГУ разам узятых. Выкладчыкі гэтага не разумеюць. На іх думку, выбар Поліка апраўдае павышэнне сацыяльных гарантый для топ-мэнэджараў, але можа кепска адбіцца на фінансавым стане ўстановы. Ёсць негатыўны момант і ў біяграфіі Поліка — каледж, якім ён кіраваў перад тым, збанкрутаваў.

Шчытцова даўно працуе ў ЕГУ і, можна сказаць, належыць да яго школы. Яна была рэдактаркай часопіса ЕГУ «Топос».

Кандыдатуру Мілінкевіча вітала беларуская інтэлігенцыя і грамадзянская супольнасць.

У нядзелю 40 дзеячоў грамадства і культуры Беларусі, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Аляксандр Вайтовіч, Алесь Бяляцкі, Радзім Гарэцкі, выступілі з недвухсэнсоўным зваротам, у якім заклікалі абраць рэктарам «грамадзяніна Беларусі».

Канчатковы выбар рэктара можа стаць вядомы нават сёння або заўтра. Аднак у выпадку рознагалоссяў працэс адбору можа працягвацца да 1 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?