Нацыянальны савет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Украіны прызнаў, што беларускі тэлеканал «Беларусь 24» адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным тэлебачанні і ўкраінскага заканадаўства і дазволіў аднавіць яго трансляцыю на тэрыторыі краіны.

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні савета 18 снежня, паведамляе Інтэрфакс-Украіна

Паводле слоў кіраўніка ведамства Юрыя Арцеменкі, тэлеканал у лісце рэгулятару растлумачыў, што праграма, у якой раней былі зафіксаваныя парушэнні, была знятая з эфіру, што пасля пацвердзіў і маніторынг Нацсавета. 

Нагадаем, 15 кастрычніка Нацыянальны савет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Украіны заявіў пра магчымую забарону трансляцыі тэлеканалаў «Беларусь 24» і «365 дзён» (Расія) у сувязі з тым, што іх змест не адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным тэлебачанні і адпаведнаму заканадаўству Украіны. У Нацсавете заявілі, што 1 кастрычніка быў праведзены выбарачны маніторынг кантэнту канала «Беларусь 24», вынікі якога «сведчаць пра наяўнасць у перадачы «Правы чалавека. Погляд у свет» антыўкраінскай прапаганды і скажэння інфармацыі пра палітычныя падзеі ва Украіне». 

У сваю чаргу Белтэлерадыёкампанія заявіла, што ў яе «выклікае шкадаванне той факт, што, прымаючы рашэнне пра забарону рэтрансляцыі «Беларусь 24», украінскія чыноўнікі ад журналістыкі не ўбачылі розніцы паміж аўтарскім поглядам канкрэтнага журналіста і палітыкай тэлеканала ў цэлым». Паводле меркавання кампаніі, той факт, што падставай для забароны стаў сюжэт у аўтарскай праграме, якая выходзіць у эфір адзін раз у тыдзень, «зусім не вяжацца з паняццем «свабода слова». У той жа час яны выказалі надзею, што «пытанне аб рэтрансляцыі «Беларусь 24» будзе вырашана аб'ектыўна і з улікам палітыкі канала ў цэлым». 

Пазней стала вядома, што праграма Яўгена Новікава «Правы чалавека. Погляд у свет» знятая з эфіру, а вядучаму прапанавана распрацаваць новы тэлепраект.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?