Паўночнакарэйскі школьнік за камп'ютэрам. Фота aljazeera.com
Праблемы з інтэрнэтам у КНДР пачаліся па некаторых звестках 19-20 снежня.
Дзіўное супадзенне, адзначае The New York Times: якраз неўзабаве пасля заявы Барака Абамы аб «сіметрычным адказе» на «кібервандалізм» супраць Sony Pictures.
Па іншых звестах, пачатак перабояў з інтэрнэтам прыйшоўся на 16 снежня. На 23 снежня доступ да інтэрнэту пачынае паволі вяртацца ў КНДР.
Эксперты, якія падчас атакі на Sony разважалі аб тым, як адрэзаць КНДР ад інтэрнэту з дапамогай Кітая (большасць трафіку КНДР ідзе праз кітайскага правайдэра China Unicom), адмовіліся каментаваць The New York Times здарэнне.
«Думаю, усялякае здараецца», – сказаў адзін з экспертаў у кароткай тэлефоннай размове.
Прычыну «блэкаўта» Сеткі ў КНДР пакуль не вызначаныя.
Эксперты лічаць, што для яго магло быць мноства прычын. Адны называюць прычынай мэтанакіраваную атаку, іншыя – адключэнне кітайскім правайдэрам, трэція – унутраныя праблемы КНДР. Некаторыя нават мяркуюць, што сама КНДР магла «адключыцца», каб падрыхтавацца да наступных атак на ЗША.
У Паўночнай Карэі ўсяго 1024 афіцыйныя IP-адрасы. Паўночную Карэю нярэдка называюць самай закрытай краінай свету. Доступ у інтэрнэт мае толькі шэраг арганізацый і партыйных дзеячоў.
У краіне дзейнічае інтранэт («унутраны інтэрнэт») «Кванмён», доступ у які дазволены «простым смяротным». Акрамя мясцовай прапаганды ды навінаў там прысутнічаюць выгружаныя з інтэрнэту старонкі, якія адпавядаюць нацыянальнай ідэалогіі Чучхе.