Па выкананні стандартаў НАТА і са згоды грамадзян Украіна будзе сябрам альянсу і Еўрапейскага Саюза. Аб гэтым сказаў кіраўнік Мінабароны Польшчы Томаш Сямоняк у эфіры польскага Radio Zet.

«Дэкларацыя прэзідэнта Парашэнка аб адмове ад пазаблокавага статуса вельмі важная. Думаю, гэта быў першы крок, і дачакаем часу, калі Украіна будзе ў НАТА», — мяркуе міністр.

Ён падкрэсліў, што НАТА павінна быць адкрытым для новых членаў і для Украіны ў прыватнасці.

«Украіна павінна выканаць стандарты, а перш за ўсё ўкраінскае грамадства павінна імкнуцца да сяброўства ў НАТА. Ніхто на свеце не мае права гэтага блакаваць. Думаю, гэта непазбежны працэс, і Украіна будзе ў НАТА і ў Еўрасаюзе», — упэўнены Сямоняк.

Акрамя таго, міністр абароны Польшчы станоўча ацаніў ролю прэзідэнта Беларусі ў перамовах па ўрэгуляванні канфлікту ў Украіне, але гаварыць аб еўраатлантычнай інтэграцыі Беларусі пакуль вельмі рана, бо гэта пытанне дэмакратыі і правоў чалавека.

«Прэзідэнт Лукашэнка бачыць, у які бок ідзе палітыка Пуціна, і такія краіны як Казахстан, Беларусь не без падстаў могуць баяцца таго, што стануць наступнымі ахвярамі ўслед за Украінай», — сказаў кіраўнік Мінабароны Польшчы.

Нагадаем, раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляў, што Украіна можа спрыяць развіццю адносін Беларусі з краінамі ЕС у рамках Усходняга партнёрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0