Цяпер ты можаш піць нагбом уладу
і марнатравіць людзкія надзеі,
але надыдзе час - і возьме плату
зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.

Надыдзе час - і люд захоча праўды.

І нават не яе, а толькі ведаў,
што зло не абмінула пакараньне,
і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,
як раз цябе абвінавачваць стане.

Надыдзе час - і люд захоча праўды.

І нават не саму яе, а помсты
за тыя беды і за тую беднасьць,
куды завёў ты грамадзянаў простых.
А з помстай да людзей прыйходзіць еднасьць.

І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе
паўстане нацыя - і нацыя паўстане
на поўны рост, зусім ня дзеля хлеба,
а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.

І гледзячы,
як гмах тваёй улады
пераўтвараецца ў магільны камень,
адкрыеш ты, што жорсткі бог расплаты
жыве ў табою згвалтаваным храме.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру