За два гады складання рэйтынгу свабоды СМІ краін Усходняга партнёрства Беларусь ні разу не пакінула апошняе месца. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, прадстаўляючы вынікі апошняга, шостага, «Індэкса свабоды медыя Усходняга партнёрства», падрыхтаванага ў межах праекта «Маніторынг свабоды медыя краін УП».

Пры гэтым Бастунец падкрэсліў, што пры падрыхтоўцы апошняга маніторынгу эксперты ацэньвалі сітуацыю ў сферы СМІ ў краінах УП у ліпені—кастрычніку 2014 года. Гэта значыць, патлумачыў ён, самыя апошнія падзеі — прыняцце паправак у закон аб СМІ і блакіроўка сайтаў недзяржаўных СМІ — не ўлічваліся. «Інакш вынік быў бы яшчэ горшы», — упэўнены Бастунец.

У агульным рэйтынгу Беларусь набрала 401 бал і заняла апошняе месца. На пятым месцы — Азербайджан з 532 баламі, на чацвёртым — Арменія (946), на трэцім — Украіна (1.094), на другім — Малдова (1.322). Першае месца ўвесь апошні год стабільна займала Грузія. У цяперашнім маніторынгу яна атрымала 1.367 балаў.

«Індэкс свабоды медыя УП» рыхтаваўся ў межах рэалізацыі праекта «Маніторынг свабоды медыя краін Усходняга партнёрства», які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. У ацэнцы сітуацыі са СМІ ў краінах УП удзельнічаюць па 10 экспертаў ад кожнай краіны УП з ліку мясцовых журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, сацыёлагаў, грамадскіх дзеячаў, якія маюць не менш за 5 гадоў вопыту працы ў сваёй галіне і падтрымліваюць цесныя прафесійныя сувязі з медыясферай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?