«Я не раз падкрэсліваў і сёння паўтару: Беларусь была і застаецца вернай саюзніцкаму абавязку ў межах Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. І пры гэтым мы не прыехалі ў Маскву з працягнутай рукой нешта прасіць наўзамен чагосьці»,

— сказаў 23 снежня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў—членаў АДКБ, якая прайшла ў Маскве.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што краіны АДКБ павінны цвёрда і аргументавана прасоўваць на міжнародных пляцоўках агульную пазіцыю, што будзе працаваць на ўмацаванне аўтарытэту арганізацыі.

«Сітуацыя ў нашых межах яшчэ ніколі не была гэтак напружанай і небяспечнай. Маштабныя рызыкі і выклікі патрабуюць скаардынаванай палітыкі ўсіх нас».

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, у існуючых умовах асноўным сродкам вырашэння канфліктаў і зніжэння напружанасці ў адносінах павінны быць перш за ўсё дыпламатычныя меры.

«Пашырэнне палітычнага ўзаемадзеяння з асноўнымі універсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі павінна ўваходзіць у лік пастаянных прыярытэтаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што АДКБ неабходна ўдасканальваць калектыўны сілавы патэнцыял. Пры гэтым ён адзначыў, што развіццё ваеннага складніка арганізацыі не павінна разглядацца выключна як стварэнне якіх-небудзь новых яе элементаў. «У першую чаргу варта практычна адпрацоўваць пытанні кіравання і алгарытмы прымянення ўжо існуючых сіл». Ён таксама дадаў, што ўмацаванне сілавога патэнцыялу АДКБ захоўвае сваю першарадную важнасць.

На думку Лукашэнкі, па меры пашырэння і развіцця агульнай эканамічнай прасторы ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза, членскі склад якога ўжо практычна ідэнтычны складу АДКБ, узрастае важнасць абароны эканамічных інтарэсаў.

«Для гэтага могуць быць выкарыстаны існуючыя ў АДКБ механізмы ўзаемадзеяння спецыяльных і іншых службаў, здольныя стварыць заслон арганізаваным злачынным групоўкам, якія ўжо сёння спрабуюць знайсці шчыліны і выкарыстоўваць новыя эканамічныя ўмовы ў сваіх злачынных мэтах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?