За што я насамрэч удзячны Фэйсбуку, дык за тое, што ў ім жыве і дыхае стары Мінск. Той, якога няма і ўжо ніколі не будзе. І пасляваенны, што нечакана стаўся старым.

Шчыра кажучы, пэўнай нечаканасцю для мяне было і тое, што шмат маладзейшых за мяне, мінчука ад 1944 года, не проста цікавяцца мінскай гісторыяй, а робяць адчайную і таленавітую спробу ажывіць мёртвы горад, ягоныя дамы, вуліцы, паркі, масты… Сяргей Харэўскі, Дзмітрый Маслій, Уладзімір Усевалажскі, Вадзім Зелянкоў, Віталь Кірычэнка… Нават не ведаю, з чым лепей параўнаць іх працу – з эксгумацыяй ці з рэанімацыяй, а мо разам і з тым і з іншым. Дадайце «Галоўную вуліцу» Леаніда Маракова, які здолеў ажывіць не толькі дамы, але і амаль усіх, у розныя часы, іх жыхароў.

Што ж тут незвычайнага і нечаканага? Старыя фатаграфіі, паштоўкі заўжды выклікаюць хвалюючы водгук. Мо яшчэ і таму, што ў падсвядомасці хаваецца адчуванне канечнасці ўласнага існавання. Адчуванне таго, што калісьці і ты застанешся толькі на старых фотаздымках з іх унікальнай магчымасцю супрацьстаяць Часу.

Праблема ў тым, ці застанешся ты на іх разам з горадам, дзе жыў, ці пазнаюць у табе — у тваёй постаці, у тваім твары, у тваім позірку, нават у тваім адзенні — твой родны горад.

Горад, у які вяртаюцца цені.

…22 чэрвеня 1965 года, дзень летняга сонцастаяння. Менавіта так — «День летнего солнцестояния» — мы назавем свой рэпартаж. А пакуль Саша ўзлазіць на будаўнічы кран, што ўзвышаецца над будучым «Мінскпраектам», а я ўглядаюся ў рэшткі роспісу, што засталіся на сцяне знесенай сінагогі на пачатку Нямігі…

Крушні сінагогі нас мала цікавяць. Ці ж не бачылі мы горад у крушнях? А сёння ён заліты сонцам. Мы захоплены ягонай сонечнай будучыняй. Што не перашкаджае крытычна ставіцца да сталінскай архітэктуры. «Торты, торты…», — паўтараем услед за Назымам Хікметам, турэцкім паэтам-камуністам. Гэта ён пра дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы выказаўся. Нам падабаецца…

photoclub.by

photoclub.by

«А бачыш там хлопчыка з глобусам? — Саша паказвае на скульптуры, што паўсталі на франтоне мінскага «Парфенона» — Палаца культуры прафсаюзаў. Ці не самага брыдкага, на наш погляд, архітэктурнага вычварэнцы. — Гэта Жора, яго з Жоры ляпілі…».

Я ведаю Жору. Амаль з год таму я працаваў з ім у «Чырвонай змене». Дакладней, у яго. А зараз працую ў «Знамёнцы», у аддзеле інфармацыі і побыту, у Сашы. Саша вучыць мяне працаваць у газеце. Жора не вучыў. Выцягнуў аднекуль з нетраў вялізнага пісьмовага стала гару зжаўцелых папак і кінуў на абдзёртую паверхню: «Тут лісты чытачоў за дванаццаць гадоў. Трэба адказаць». Ледзь не да столі ўзняўся едкі пыл…

Так, беларускамоўная «Чырвонка» не раўня рускамоўнай «Знамёнцы», добра, калі 30 тысяч чытаюць. А «Знамёнку» — усе трыста тысяч. І наклады безупынна растуць. Аднойчы Жора, на той момант дзяжурны рэдактар, выпусціў нумар на дзвюх мовах. Наклад вынішчылі, а Жору… Не, не пасадзілі. І не звольнілі. Усё скончылася працяглай шматгадовай нудотай…

Саша з Жорам, аднакурснікі па журфаку, сябруюць. З імі сябруе яшчэ адзін Саша са «Знамёнкі», насамрэч Самсон, кіруе аддзелам культуры. Я ў захапленні ад ягонага артыкула «Прорвут ли цветы заборы?», пра ўласніцкія перажыткі… Вось як трэба пісаць!

У Жоры — оперны голас, калі-нікалі ён дэманструе ягоную моц. Разам з кучаравасцю, тварам, што нагадвае конскі, і непадробнай сур’ёзнасцю Жора часцяком становіцца аб’ектам добразычлівых насмешак і розыгрышаў.

…Першы надпіс «Тут быў Жора Клябанаў з Мінска» Сашы пакінулі на нейкай скале, калі абодва адпачывалі ў Місхоры. Так яно ці не так — сцвярджаць не рызыкну. Але распачалася ці не ўсесаюзная гульня. Хто куды ні ездзіў, хто дзе ні быў, паўсюль — «ад Буга да Курыл» — сустракаў ці сам пакідаў надпіс «Тут быў Жора Клябанаў з Мінска». І на Далёкім Усходзе, і на блізкім Захадзе, і на Поўначы, пра блаславёны Крым ужо і гаворкі няма… Нехта нават бачыў у маскоўскім метро…

26 красавіка 1966 года здарыўся землятрус у Ташкенце, увесь цэнтр ператварыўся ў суцэльныя крушні. Але тое, што над імі лунаў надпіс «Тут быў Жора Клябанаў з Мінска», ведаю дакладна. Нават здымак бачыў: Саша прывёз адтуль разам з рэпартажам. Рэпартаж называўся «Розы над грохотом». І Розай звалася дзяўчына, журналістка з Ташкента, якую Саша прывёз для Жоры, каб у рэшце рэшт яго ажаніць.

Спатканне ладзілася па суседстве, бо я жыў у 9-й кватэры, а Саша — у 10-й, такая вось прыхамаць лёсу. Памятаю, як адчынялі Жору дзверы, як ён хаваў сарамлівасць… Назаўтра Роза выправілася назад, у свой раструшчаны Ташкент. Твару не памятаю. Памятаю толькі саламяна-агністыя валасы… «Солома волос, ресниц синева…», — любіў паўтараць Саша. Усё з таго ж Назыма Хікмета…

Гульня з надпісам скончылася недзе напачатку 70-х, калі Барыс Пастарнак, вядомы цяпер маскоўскі журналіст і кнігавыдавец, служыў у Днепрапятроўску, у ахове завода, дзе вырабляліся ракеты. Клянецца, што сам накрэмзаў на нейкім спадарожніку — «Тут быў Жора Клябанаў з Мінска».

…Аляксандр Станюта, пісьменнік, прафесар, доктар філалогіі, сышоў у жніўні 2011 года, пакінуўшы кнігу размоваў са сваёй легендарнай маці «Стэфанія», а напрыканцы — два шчымлівыя раманы пра Мінск: «Городские сны» и «Сцены из минской жизни».

Самсон Палякоў, Саша, вядомы кінадраматург, аўтар сцэнарыяў мноства беларускіх фільмаў, прарваў усё ж «заборы» і супакоіўся на могілках у Іерусаліме.

Пахаваны і Жора. Недзе ў Філадэльфіі. Чамусьці здаецца, што на магільным камені выбіты надпіс — «Тут быў Жора Клябанаў з Мінска».

Так, быў. Бо дзе ён цяпер, ведае толькі Бог.

Адно суцяшае: мо праз нейкія тысячагоддзі археолагі з іншай цывілізацыі альбо іншапланецяне ў космасе натрапяць на той надпіс і даведаюцца, што быў на Зямлі такі горад.

Горад Сонца, якое адкідвала доўгія цені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?