Студзень

У Беларусь прыбывае новапрызначаны мітрапаліт Павел.

Мінскія работнікі хуткай дапамогі збіраюць подпісы за павышэнне заробкаў. Улады абяцаюць узняць зарплату праз некалькі месяцаў — і пратэст гасне.

У Купалаўскім тэатры прэм’ера «Пана Тадэвуша».

Фанаты БАТЭ праводзяць акцыю салідарнасці з Украінай. Заўзятараў ідэнтыфікуюць і прысуджаюць да арыштаў.

Люты

У Сочы праходзіць зімовая Алімпіяда, якая сканчваецца трыумфам біятланісткі Дар’і Домрачавай — тры залатыя медалі! Апроч яе ў спаборніцтвах перамагаюць фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір, а біятланістка Надзея Скардзіна атрымлівае бронзавы медаль.

Японская карпарацыя «Ракутэн» купляе распрацоўку беларускіх праграмістаў, кампанію «Вайбер», за $900 мільёнаў.

Майдан бярэ ўладу ва Украіне, і Віктар Януковіч уцякае ў Расію. Перамога была здабытая цаной жыцця 106 ахвяраў. Сярод іх — беларус Міхаіл Жызнеўскі.

Сакавік

У адказ на перамогу Майдану Расія ўводзіць войскі ў Крым, блакуючы ўкраінскія падраздзяленні. 16 сакавіка на паўвостраве праходзіць «рэферэндум», паводле вынікаў якога Расія ўключае Крым у свой склад.

Аляксандр Лукашэнка адмяняе рэспубліканскія Дажынкі. Свята цяпер адзначаецца толькі на абласным і раённым узроўнях.

Мясцовыя выбары праходзяць без ніякага грамадскага ўздыму.

Красавік

На волю выходзіць палітвязень Мікола Аўтуховіч. Ён правёў за кратамі 5 гадоў і 2 месяцы — за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў.

У Мастацкім музеі адкрываецца грандыёзная выстава «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», большасць экспанатаў якой паказвалася ўпершыню.

На ўсходзе Украіны пачынаецца баявыя дзеянні «сепаратыстаў», якія з дапамогай Расіі плануюць адарваць Данбас.

Май

У Беларусі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі. Перамагае Расія.

На волю выходзіць Андрэй Гайдукоў, былы слесар «Нафтана», асуджаны за спробу супрацы з ЦРУ.

На «Еўрабачанні» перамагае аўстрыйская «жанчына з барадой» Канчыта Вурст. У беларуса Юрыя Вашчука (Тэа) — 16-е месца ў фінале.

Чэрвень

Пад выглядам сына Януковіча Аляксандру Лукашэнку дазваніўся расійскі жартаўнік Ваван. Праз некалькі месяцаў у адстаўку сыходзіць памочніца кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч. Магчыма, гэта ўзаемазвязаныя падзеі.

З калоніі вызваляюць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. За «нявыплату падаткаў» ён правёў за кратамі тысячу дзён.

Ліпень

Кіраўнік «Белнафтахіма» Ігар Жылін арыштаваны і змешчаны ў ізалятар. Сплаціўшы кампенсацыю, ён выходзіць на свабоду, аднак на сваю пасаду не вяртаецца.

Зборная Германіі становіцца чэмпіёнам свету па футболе. У фінале з Аргенцінай усё вырашае гол Марыа Гётцэ ў дадатковы час.

Еўрасаюз уводзіць санкцыі ў дачыненні Расіі, патрабуючы спыніць агрэсію супраць Украіны.

Сепаратысты збіваюць малайзійскі «Боінг» у небе над Данецкам. Загінула 298 чалавек.

Жнівень

Расія адказвае на санкцыі — уводзіць эмбарга на пастаўку прадуктаў з Еўропы і ЗША.

Арыштаваныя двое членаў савета рэспублікі: магілёўскі бізнэсмен Віталь Кастагораў і дырэктарка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка.

У Афрыцы набірае абароты эпідэмія ліхаманкі Эбола.

У Мінску прадстаўнікі Украіны і «ДНР» дамаўляюцца пра спыненне агню. Пакрысе баі суцішваюцца.

Верасень

8 верасня святкуецца 500 гадоў перамогі ў бітве пад Воршай. На дзяржаўным узроўні дата застаецца незаўважанай.

Упершыню два беларускія клубы ўдзельнічаюць у еўрапейскай футбольнай восені. БАТЭ ўстанаўлівае антырэкорд Лігі чэмпіёнаў па розніцы забітых і прапушчаных мячоў — 2:24, аднак атрымлівае перамогу над іспанскім «Атлетыкам». Мінскае «Дынама» ў Лізе Еўропы таксама займае апошняе месца ў групе, затое перамагае італьянскую «Фіярэнціну».

У Мінску прайшоў «Мова Cup» — спартыўны фестываль на беларускай мове, арганізаваны айчыннымі спартсменамі.

Кастрычнік

З’яўляецца новы палітвязень. Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за абразу суддзі.

У Мінску былы ахоўнік спрабуе абрабаваць абменнік і бярэ ў закладніцы касірку. Праз некалькі гадзін снайпер страляе ў яго і трапляе ў галаву. Нападнік памірае ў бальніцы на наступны дзень.

Матч Беларусь—Украіна ў Барысаве ператвараецца ў дэманстрацыю салідарнасці. Фанаты з абедзвюх краін разам спяваюць пра Пуціна, скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!».

Аляксандр Лукашэнка загадвае ўзняць дазволеную хуткасць на дарогах. Па многіх трасах цяпер можна ездзіць 120 км/г, а не 90 км/г.

Закрываюцца моўныя курсы «Мова ці кава».

Лістапад

У адстаўку адпраўлены старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. На яго месца прызначаецца былы міністр ЖКГ Андрэй Шорац.

Рэформа Міністэрства аховы здароўя — цяпер купіць лекі без рэцэпта становіцца немагчыма.

У Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца прэс-сакратарка — тэлевядучая БТ Наталля Эйсмант (Кірсанава).

Снежань

Справа аб шпіянажы. Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін змешчаны ў ізалятар КДБ, але неўзабаве выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

На волю выходзіць палітвязень Эдуард Лобаў. Ён быў затрыманы за дзень да Плошчы-2010.

Фінансавы крызіс у Расіі дакатваецца і да Беларусі. Курс продажу даляра вырастае на 30%, у крамах тэхнікі пустыя паліцы — насельніцтва скупляе тавары па старых цэнах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру