Магілёўскі абласны суд разглядае крымінальную справу супраць былога намесніка начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама. Вячаслаў І. абвінавачваецца ў атрыманні хабару, падбухторванні да хабару і махлярстве. Разам з ім судзяць расіяніна Андрэя К., якога вінавацяць у дачы хабару міліцэйскаму начальніку.

Паводле матэрыялаў следства, расіянін з правам на жыхарства ў Беларусі двойчы звяртаўся да Вячаслава І. па дапамогу.

Першы эпізод перадачы грошай службовай асобе за «паслугу» прызнаны махлярствам. Тады расіянін перадаў Вячаславу $2 тысячы за «вырашэнне пытанняў». На судзе Андрэй расказаў, што ў пачатку студзеня 2014 ён адзначаў у Мінску з сябрамі свой дзень нараджэння. Не выспаўся, сеў за руль. А тут як на зло па дарозе спыніў інспектар ДАІ. І панеслася. За язду нападпітку аштрафавалі, пазбавілі правоў на 3 гады. Мо неяк і ператрываў бы. Але следам прыйшоў ліст з міграцыйнай службы. «Я думаў, што мне пагражае дэпартацыя, таму звярнуўся да Вячаслава І., каб ён мне паспрыяў. Я ведаў, што ён працуе ў міліцыі. Той абяцаў дапамагчы. Я схадзіў ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі, там напісаў заяву, хадайніцтва не дэпартаваць мяне. Ну і ўсё наладзілася. Потым перадаў Вячаславу $2 тысячы, як той і прасіў. Я заўважыў пры перадачы грошай, што ўсё-такі гэта дорага», — расказаў расіянін на судзе.

Андрэй — дырэктар будаўнічай фірмы, у якой «заробак атрымліваюць у канвертах».

З міліцэйскім чыноўнікам пазнаёміўся праз агульных знаёмых. «Ну як гэта сказаць культурна… Мы сустракаліся для сумеснага піцця спіртных напояў. У лазні таксама». Але сумесныя паходы ў лазню не стварылі сяброўскіх адносін паміж мужчынамі. Міліцыянт вырашыў «нагрэць» прыяцеля. Паводле абвінавачвання, ён ніяк не вырашаў пытанні з магчымай дэпартацыяй, бо не валодаў такімі паўнамоцтвамі і нікога не прасіў дапамагаць. Але грошы ўзяў. У расіяніна — двое непаўналетніх дзяцей, яны грамадзяне Беларусі, што вызваляе яго ад дэпартацыі. Пра гэта ведаў і начальнік.

Следства палічыла, што службовая асоба ўвяла ў зман даверлівага расіяніна. Такія дзеянні прызналі махлярствам і падбухторваннем да хабару.

Андрэй хоць і палічыў, што за сваё спакойнае жыццё заплаціў «дорага», але па заступніцтва звярнуўся яшчэ адзін раз. Толькі не для сябе. Вясной 2014 брат ягонага кампаньёна трапіў у міждзяржаўны вышук за махлярства ў Маскоўскай вобласці. Андрэй папрасіў у міліцэйскага начальніка вырашыць гэта пытанне. Не за так, зразумела. І справу ўлагодзілі: беглы расіянін прыехаў у Гомель, дзе яго сфатаграфавалі, калегам у Расію паведамілі, што затрымалі ўцекача. Дакументы адправілі ў Хімкі (Маскоўская вобласць), але мужчыну адпусцілі. А на радзіме яго знялі з расійскага ўліку.

За такую паслугу Вячаслаў атрымаў 4 тысячы даляраў і гадзіннік Tissot, які ацанілі ў 9 мільёнаў рублёў.

На судзе былы міліцэйскі начальнік цалкам прызнаў эпізоды па махлярстве і хабары. Вось толькі гадзіннік ён палічыў падарункам — ніякім не хабарам.

Разгляд справы працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?