Кандыдатуру Андрэя Кабякова на пасаду прэм'ер-міністра прапанаваў яго папярэднік Міхаіл Мясніковіч «і не толькі ён».

Аб гэтым паведаміў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы 29 снежня Кабякова на пасадзе прэм'ер-міністра. 

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што «ніякай надзвычайшчыны» ў кадравых рашэннях, прынятых ім 27 снежня, няма, гэта не было спантанным захадам. «Я перабалеў мінімум паўгода гэтымі пытаннямі. Вельмі шмат было сумненняў. Ніхто не лабіраваў ніякія пасады. Да апошняга моманту наогул многія не ведалі, чым яны будуць займацца. Гэта было асабіста маё рашэнне. Але гэта рашэнне не з неба ўзятае». 

Паводле слоў Лукашэнкі, задаўга да канчатковага рашэння ён звярнуўся з просьбай да прэм'ер-міністра і іншых службовых асоб (усяго каля 10—13 чалавек) прадставіць сваё бачанне па складзе ўрада. 

«Вельмі сакрэтна (нават не поштай, а канвертам на маё імя), Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч і многія іншыя паклалі мне на стол сваё бачанне ўрада: хто ў ім павінен быць.

Асабіста без усякіх памочнікаў, супастаўляючы ўсе пункты гледжання, вызначаючы сваё стаўленне да той ці іншай службовай асобы ў залежнасці ад таго, якія перад ім стаялі задачы і будуць стаяць потым, я прымаў рашэнні», — расказаў кіраўнік дзяржавы. 

Паводле яго слоў, на працягу двух месяцаў парламенту будзе прадстаўлена праграма дзейнасці ўрада. 

Пры гэтым, дадаў Лукашэнка, з Кабякова не здымаецца задача падрыхтоўкі прапаноў па далейшай аптымізацыі органаў дзяржкіравання, чым ён займаўся, працуючы на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. 

«Нам неабходна рашуча пазбавіць дзяржорганы ад дублюючых і неўласцівых ім функцый. Выкарыстоўвайце міжнародны вопыт і зыходзьце, самае галоўнае, з нашай сітуацыі, нашага жыцця. Ніхто не можа паставіць пытанне павышэння зарплаты дзяржслужачым без аптымізацыі падпарадкаваных вам структур. Аптымізуйцеся, прыбірайце лішнія функцыі, якія не патрэбныя на тым ці іншым этапе, і дзейнічайце. Прыбіраючы функцыі, мы павысім дысцыпліну і адказнасць за прынятыя рашэнні», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?