1) Сямейны капітал

За трэцяга і наступных дзяцей, якія народзяцца з 1 студзеня 2015 па 31 снежня 2019 года, дзяржава будзе класці на рахунак пад працэнт 10 тысяч долараў.

За сямейным капіталам можа звярнуцца на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння ці ўсынаўлення дзіцяці. Капітал можна будзе выкарыстаць для паляпшэння жыллёвых умоваў, атрымання адукацыі, але толькі калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў. Сродкі могуць быць выкарыстаныя датэрмінова ў выпадку хваробы каго-небудзь з сям’і.

2) Антынаркатычныя меры

Павялічваюцца тэрміны пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў (напрыклад, на тэрыторыі ўстановы адукацыі — з 13 да 15 гадоў); за збыт наркотыкаў заведама непаўнагадоваму — з 8 да 15 гадоў. Да 14 гадоў будзе паніжаны ўзрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Стане верагодным, што злачынца за наркату можа атрымаць тэрмін большы, чым пражытае ім жыццё. Па дадзеных МУС у бягучым годзе было 361 нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх.

Таксама ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выклiканым ужываннем псіхатропных рэчываў — штраф ад 5 да 10 базавых і ўнясенне ў адмысловы рэестр спажыўцоў, за паўтор на працягу года — нават абмежаванне волі да двух гадоў.

3) Вырасце базавая велічыня

На 30 тысяч павялічваецца базавая велічыня — да 180 тысяч рублёў. Вырасце ўсё, што прывязана да яе. Узяць ці скасаваць шлюб будзе каштаваць 540 тысяч, замяніць пашпарт ці зарэгістраваць ІП — 90 тысяч. А штраф за перавышэнне хуткасці можа дасягнуць 2,7 мільёна рублёў.

4) Зменяцца правілы бяспекі дарожнага руху

З 16 студзеня для легкавых аўтамабіляў абавязковым стане выкарыстанне зімовых шынаў (з 1 снежня па 1 сакавіка). Штраф за парушэнне — 90 тысяч. Абавязковым стануць дзіцячыя крэслы. Зменіцца і мінімальна дапушчальная ступень светлапрапускальнасці для ветравога шкла аўтамабіляў — з 75 да 70%.

5) Новыя правілы для інтэрнэта

Цяпер у любых інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў і блогаў будзе адказнасць як у СМІ. Разам з гэтым, уладальнік сайта вымушаны будзе кантраляваць каментарыі, якія размяшчаюцца на інфармацыйным рэсурсе. Невыкананне гэтых патрабаванняў будзе з'яўляцца падставай для вынясення папярэджання Міністэрствам інфармацыі, пры двух папярэджаннях доступ да сайта на тэрыторыі Беларусі можа быць абмежаваны без суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?