Суд над кнігарняй «Логвінаў» пройдзе сёння, 5 студзеня, у Эканамічным судзе (Мінск, вул.Акадэмічная 15, корпус 1). Пачатак а 15-й

Як пісалася раней, культавы інтэлектуальны адрас беларускай сталіцы апынуўся пад пагрозай знікнення.

Пазапланавая падатковая праверка прыйшла ў кнігарню «логвінаЎ» у пачатку снежня. Памяшканне апячаталі, а дакументацыю ўзялі на вывучэнне. Па выніках праверкі кнігарню распячаталі. Але вынеслі суровае пакаранне за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.

Па выніках праверкі кнігарню аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў – такой была сума продажаў кніг за год. Спаганяць гэтыя грошы будуць праз суд.

Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў адзначыў, што за год ён восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі. Адна з адмоў была звязана з тым, што Ігар няправільна ўказаў паштовы індэкс.

Летась Міністэрства інфармацыі забрала ў выдавецтва «Логвінаў» ліцэнзію за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.

Кнігарня з’яўляецца месцам шматлікіх кніжных прэзентацый і гранічна значнай для нацыянальнай культуры і літаратуры прасторай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0