3 студзеня ў віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбыліся прэм’ера спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» і бенефіс вядучага майстра сцэны Віктара Дашкевіча.

Зала не змяшчала жадаючых правесці калядны вечар, калі здаўна прынята было распавядаць застрашлівыя таямнічыя гісторыі, з героямі караткевічаўскай аповесці. Верагодна, праўда, што многія гледачы найперш імкнуліся пабачыць і павіншаваць Віктара Мікалаевіча Дашкевіча, выдатнага акцёра, рыцара беларушчыны, зорка якога доўгія дзесяцігоддзі спакойна ззяе на небасхіле культурнага жыцця Віцебшчыны.

Спектакль Юрыя Лізянгевіча падаецца хутчэй эксперыментальным, чым акадэмічным. Гранічна аскетычная сцэнаграфія Святланы Макаранка пакідае дваістае ўражанне. Можа, і на самой справе дыяменты караткевічаўскага слова не патрабуюць лішняй акрасы, але ж так хацелася, каб хоць пліты па-над пустой сцэнаю ператварыліся ў партрэты ці, найлепей, у люстэркі, каб замільгалі ў іх агеньчыкі свечак, прабег адбітак Малога Чалавека, праплыла Блакітная Жанчына, замітусіліся, памнажаючыся, цені Дзікага палявання… Але пліты так і засталіся вісець непатрэбна-нямымі.

Мабыць, згодна рэжысёрскай задумы, Андрэй Беларэцкі (акцёр Дзмітрый Каваленка) на сцэне амаль не дзівіцца, не баіцца, не перажывае першага кахання, не абураецца і не змагаецца — ён адчужана, нібы праз смугу праляцелых дзесяцігоддзяў, і педантычна, як уважлівы фалькларыст, згадвае падзеі сваёй маладосці.

З іх, паводле майго асабістага ўспрыняцця, самымі выразнымі выяўляюцца пераказаная Берманам легенда пра караля Стаха (найперш дзякуючы харэаграфічнай замалёўцы, пастаўленай Дзіянай Юрчанка) і смерць маладога падзвіжніка Свеціловіча, надзвычай пранікнёна ўвасобленага артыстам Уладзіславам Жураўлёвым. Кранаюць, асабліва ў першых сцэнах, Надзея Яноўская (актрыса Юлія Крашэўская), даведзеная сваім атачэннем да памежнага стану, і Кульша (актрыса Тамара Кабяк), якая гэтую мяжу ўжо пераступіла.

Калі ўявіць, што Беларэцкі проста згадвае знаёмства з даўно памерлай жонкаю, то не выглядае дзіўным і тое, што напрыканцы спектакля галоўныя героі застаюцца такімі ж далёкімі, як пры першым знаёмстве.

Дубатоўк у выкананні Віктара Мікалаевіча Дашкевіча ўражвае жыццялюбствам, моцай і энергіяй, уласцівай, хутчэй, чалавеку маладому. Так што таямніцу ўзросту юбіляра ягоны герой ахоўваў надзейна.

Бенефіс Віктара Мікалаевіча поўніўся дабразычлівай сямейнай атмасфераю. Нават пажаданні Наталлі Шыянок, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, вызначаліся амаль сяброўскай, чалавечай прыязнасцю.

Віншаванні коласаўцаў пераліваліся мяккім, інтэлігентным гумарам, а таксама непадробнай сімпатыяй і павагай да калегі. Думаю, шмат хто з гледачоў парадаваўся за артыста, пабачыўшы побач з ім на сцэне самых блізкіх людзей — прыгожых ды разумных дачок Вікторыю і Ганну, а таксама ўнука Васіля. Для любага дзядулі Васіль спачатку сыграў ролю Дзядулі Мароза, а потым прачытаў выдатны верш Бродскага ў перакладзе на беларускую мову. І, вядома, увесь час, як і ў жыцці, каля Віктара Мікалаевіча была нязменная чароўная фея коласаўскага тэатра, Святлана Мікалаеўна Дашкевіч.

Не забыліся павіншаваць свайго першага дырэктара і калядоўшчыкі з Беларускага тэатра «Лялька». Над юбілярам заззяла калядная зорка, і добрыя зычэнні пасыпаліся, як з торбы. З ініцыятывы «лялькаўцаў» сур’ёзная «акадэмічная» публіка нават спявала і танчыла, праўда, не падымаючыся з крэслаў.

Здароўя Вам і доўгіх гадоў на сцэне, Віктар Мікалаевіч!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру