Адзінай перспектывай Расіі ў выпадку паспяховай еўраінтэграцыі Украіны будзе змірыцца з гэтай рэальнасцю і ў выніку самой стаць часткай Еўропы. У адваротным выпадку РФ ператворыцца ў спустошанага сатэліта Кітая.

Пра гэта ў эфіры тэлеканала Інтэр заявіў амерыканскі дзяржаўны дзеяч, палітолаг і былы дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША Збігнеў Бжэзінскі.

«Украіна прысвяціла сябе свабодзе ў такой меры, што любы, хто захоча паквапіцца на яе свабоду, будзе ведаць: ён вельмі сур'ёзна рызыкуе. Але Украіна павінна даказаць, што яна на самай справе вырашыла быць часткай еўрапейскага свету. Калі ў яе атрымаецца, адзінай перспектывай Расіі будзе змірыцца з гэтай рэальнасцю і ў выніку самой стаць часткай Еўропы. Калі яна гэтага не зробіць — ператворыцца ў спустошанага сатэліта Кітая. Я не думаю, што гэта добрая перспектыва для Расіі».

На думку Бжэзінскага, Расія можа паспрабаваць стаць імперыяй, але «гэта будзе правал».

«Імперыя толькі ў тым сэнсе будзе паспяховай, калі Расіі ўдасца падпарадкаваць Украіну. Але дасягнуць гэтага вельмі складана з-за таго, як вы настроеныя, з-за таго, што Захад даволі выразна дае зразумець, што яму не ўсё адно. Але не чакайце, што Захад будзе змагацца за вас — гэта галоўнае, што вы павінны зразумець. У вас павінна быць жаданне зрабіць усё неабходнае, каб абараніць сваю свабоду, і тады так ці інакш Захад падтрымае вас і сітуацыя пачне паляпшацца. Па-першае, у вас ёсць падтрымка свету, дэмакратычных краін, і асабліва ЗША, якія больш адкрытыя і адданыя гэтай справе. Па-другое, усё залежыць ад украінцаў, асабліва, новага пакалення, якія нарадзіліся грамадзянамі Украіны, а не Савецкага Саюза», — лічыць ён.

Былы дарадца прэзідэнта ЗША падкрэсліў, што Захад павінен пераканацца ў тым, што Украіна зможа справіцца з карупцыяй, захаваннем дэмакратычных прынцыпаў і дасягнуць поспехаў у эканамічным развіцці.

«Гэта выклік, які вы павінны пераадолець. І дамагаючыся гэтага, вы ўдасканаліце вашыя здольнасці дамаўляцца ў канструктыўнай і ў канчатковым выніку станоўчай манеры з Расіяй, якой давядзецца прайсці праз той жа працэс, калі яна хоча стаць сучасным грамадствам, а не загразнуць у адсталасці і карупцыі, шмат у чым залежачы ад усходняга партнёра, які становіцца толькі мацней», — падкрэсліў Бжэзінскі.

«Будучы аптымістам, я павінен казаць праўду маім украінскім сябрам. Вы павінны выкараніць карупцыю, якая дэмаралізавала не толькі вашу эканоміку, але і ваша паўсядзённае жыццё. І нават дэмаралізавала вашыя ўзброеныя сілы.

І цяпер вы павінны змірыцца з фактам, што ў наступныя 10 гадоў вы павінны будзеце ахвяраваць шмат чым, каб стаць часткай Еўропы. Упэўнены, вы будзеце вельмі паспяховыя ў Еўропе», — дадаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру