Паважаная рэдакцыя «Нашай Нівы», чытаючы апошнія нумары, дзіву даюся, як газета імкнецца пераплюнуць «СБ» у ачмурэнні сваіх чытачоў нейкай «мяккай беларусізацыяй».

То газета паведамляе допісам Марціновіча, што Беларусь адбылася, то змяшчае артыкул Пятра Рудкоўскага «Глядзіце, каму Лукашэнка адчыняе акно», то друкуе артыкул Кацярыны Андрэевай, у якім яна паведамляе, што «адчувае надыходзячую лавіну беларусізацыі».

Ды нікому беларускі Герастрат акно не адчыняе і не адчыніць. Калгаснік па сваёй ментальнасці і выхаванні з саўковымі звычкамі паводзін не здольны на шляхетныя ўчынкі. А вось што піша Кацярына Андрэева: «Мяккая беларусізацыя — гэта цалкам зразумелая, прадуманая і натураль ная ў сучасных геапалітычных умовах палітыка нашай дзяржа- вы. Бараніць сваё, але без рэзкіх штуршкоў, каб і суседзяў не пакрыўдзіць».

Баценька родны, калі ж гэта беларусы пазбудуцца ў душы халопства!

Як кажуць, дазволь, акупанце, праспаць пад лаўкай у сваёй хаце. Якога там ліха «Беларусь адбылася»? Дастаткова толькі таго, без іншых фактаў, пад якім імем ішлі беларускія вайсковыя часткі на пацешным парадзе, які ўзурпатар наладзіў сабе.

Неверагодна, але беларускія вайсковыя часткі маршыравалі разам з расейскімі пад імем Суворава, Кутузава. Беларуская армія ператворана ў падраздзяленне расейскай арміі, якая, па яго словах, абараняе заходнюю мяжу Расіі.

Усе гэтыя мытныя пасты, абурэння выказванні разлічаны на яго саўковы электарат. Масква ў любы момант свайго стаўленіка можа замяніць іншым, больш спакойным.

Беларускі бацька бачыць, што Масква ставіцца часта да яго як пан да служкі. Але ж ён сам давёў сябе да такога стану. Раз прадаўся — назаўжды паняволеным застаўся. Маскву пакуль задавальняе статус Беларусі-дамініёна. Ёй выгадна мець на міжнароднай арэне, як і ў савецкія часы, яшчэ адзін голас. 

Лукашэнку і яго прыспешнікаў няма каму бараніць, дый ніхто і не будзе яго бараніць, калі Масква высадзіць дэсант стралковых. Што сеяў, тое і пажне.

Лукашэнка адчыніць акно, калі: 1) падпіша ўказ, каб усе чыноўнікі за паўгода асвоілі беларускую мову; 2) падпіша ўказ аб скасаванні вынікаў так званага рэферэндуму аб мове, гербе, сцягу; 3) падпіша ўказ аб выкананні закона «Аб мовах», прынятага Вярхоўным Саветам Беларусі. Вось тады і пойдзе свежае паветра беларусізацыі. Вось тады Лукашэнка стане нацыянальным героем Беларусі, а яго партрэт будзе на грашовых знаках еўрапейскай незалежнай Беларусі. Гісторыя даруе.

Мікола Валошчык, Белаазёрск

Ад рэдактара

Час пакажа, хто мае рацыю: юная Каця Андрэева, маладыя Марціновіч, Рудкоўскі ці Вы, спадар Валошчык, з Вашым гіганцкім жыццёвым вопытам. Галоўнае, што Вы чытаеце моладзь, а яны чытаюць Вас. Дый Аляксандр Лукашэнка таксама «Нашу Ніву» чытае, дык хай ведае, што людзі думаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0