Беларускі перакладчык Якуб Лапатка вось ужо больш як 20 гадоў жыве ў Фінляндыі. Ён сам імігрант. Таму і спрэчкі вакол месца імігрантаў з мусульманскіх краін яму блізкія. Некалькі дзесяцігоддзяў многія краіны Еўрасаюза прыцягвалі імігрантаў з Турцыі і Балканаў (Нямеччына), арабскіх краін (Францыя) і Афрыкі (Скандынавія). Эканоміка патрабавала працоўных рук, а імігранты былі таннай рабочай сілай. З часам нежаданне гасцей асімілявацца ў мясцовай культуры стала праблемай. Пасля нападу тэрарыстаў на «Шарлі Эбдо» палеміка ў Еўрасаюзе ўспыхнула з новай сілай. Прапануем Вашай увазе дыскусійны артыкул сп. Лапаткі. Абмяркоўвайце! Нагадаем, што раней са сваімі меркаваннямі на гэтую тэму выступілі таксама Віталь Цыганкоў з Мінска («Калі пачнецца саступкамі з прарокам, то скончыцца ўсеагульнай паранджой») і Алесь Чайчыц з Масквы («Не вучыце Еўропу, што ёй рабіць»).

Некалькі год таму я напісаў артыкул пад амаль ленінскай назвай «Тэрарызм як вышэйшая стадыя развіцця сучаснага грамадства». Надрукаваны ён быў у эмігранцкім фінскамоўным часопісе «MoniTori». Тады мне наляпілі шмат «ласкавых» этыкетак, самы цэнзурныя – гэта «рэакцыянер», цемрашал», «расіст». А самы талерантны і паліткарэктны таварыш напісаў, што такія, як я ды усялякія там хайдэры ды лёпэны – гэта высыпка на здаровым целе Еўропы.

Адлуп быў грунтоўны з апісанннем агульначалавечых каштоўнясцяў, якія нібыта я цалкам адмаўляю. Хаця я не адмаўляў нічога. Я проста выказаў сумнеў у тым, што такія наогул існуюць. Тое, што каштоўна для нас, хрысціян, ніякім чынам не з'яўляецца каштоўным для мусульманіна, а каштоўнасці Папуа Новай Гвінеі ніякім чынам не супадаюць з уяўленнямі амерыканцаў.

Пасьля нарвежскай трагедыі я зноў вярнуўся да тэмы тэрарызму. Гэтым разам артыкул быў у рускамоўнай газеце «Новости Хельсинки». Але тут дадаў ужо і пра паліткарэктнасць, і пра бязьмежны лібералізм. На яго асабліва пакутуюць усялякіх колераў і адценняў праваабаронцы. Яны бясконца дзяўбуць дзе папала аб талерантнасьці, інтэграцыі прыхадняў з мусульманскіх краін у еўрапейскае грамадзтва, аб тым, што іх можна переканаць, калі наладзіць добры дыялог. А тыя і рады. Яны добра ведаюць свае правы, але не ведаюць нічога пра абавязкі.

Маю досьвед. На любую, самую справядлівую заўвагу табе адкажуць: «Ты расіст». (Такая ж крыўдлівасць уласціва і нашым «старэйшым брацеткам» — рускім. Скажы, што ў Расіі не ведаюць аб правілах дарожнага руху, і атрымаеш у адказ: «Ты русафоб!»).

Пасля распаду Савецкага Саюзу я дваццаць гадоў працаваў перакладчыкам, у тым ліку і з арабамі, самалійцамі ды іншымі прадстаўнікамі мусульманскага свету. І прыйшоў да высновы, што ніякая інтэграцыя іх з намі немагчыма. Наша цывілізацыя і мусульманскі свет – гэта два розныя космасы. І еўрапейскія каштоўнасці іх не кранаюць. Дакладней, кранаюць у чыста прагматычным плане: мы прыехалі да вас і будзем у вас жыць.

Паважайце нашыя звычаі, нашую веру, нашыя парадкі. Вы прыехалі да нас, скажам, у Емен, дык паважайце нашыя звычаі, нашую веру, нашыя парадкі. І лібералы натхнёна іх падтрымліваюць.

Наогул, ліберальныя мазгі цалкам перакручаныя.

У фінскім горадзе Эспа з вуліц зніклі сімпатычныя гіпсавыя свінкі. Па патрабаванні самалійцаў-мусульман. Яны, маўляў, абражаюць іхныя рэлігійныя пачуццці.

У Нарвегіі ў адным горадзе перасталі ставіць калядную яліну на плошчы – гэта раздражняе мусульман.

У Францыі дзеля рэлігійнай нейтральнасці дзяржавы забаранілі калядныя батлейкі.

Але час ужо і ўсклікнуць: «Шаноўныя госці! Вы ж у НАШАЙ краіне, не ў сябе дома! А ў нас свецкая дзяржава і свецкія законы! Будзе ласкавы выконваць іх!» Куды там! Тыя ж «карысныя ідыёты» будуць крычаць, што нельга сябе паводзіць цвёрда і паслядоўна. Што тады мы станем такімі ж як яны. Але можна быць упэўненым, што станем, дакладней не самі станем, а з нас зробяць такіх, як яны, нават з абразаннем, калі не будзе ніякага супраціву. А яго няма. Наадварот. Нельга супраць баксёра змагацца па шахматных правілах. Здаецца, гэта не патрабуе доказаў. Але во, патрабуе. Тэрарысты перабілі французкіх журналістаў, і тут жа заспявалі на розныя галасы «карысныя ідыёты» аб талерантнасці, аб «добрых» і «злых» мусульманах. 

Я нічога не маю супраць іслама. Гэта чыстая і недзе нават цнатлівая рэлігія. Але нам, хрысціянам, у сістэме ісламскіх каштоўнасцяў месца няма. Мы падлягаем вынішчэнню.

Забойца Брэйвік, рост папулярнасці антыісламскіх і антыіміграцыйных партый, рост напружанасці ў еўрапейскім грамадстве – гэта не проста высыпка на здаровым целе постіндустрыяльнага грамадства. За антыіміграцыйныя партыі галасуюць не безгаловыя адмарозкі, не купкі маргіналаў, а звычайныя людзі — рабочыя, лекары, інжынеры. Гэта сімптомы цяжкай хваробы. Ніводзін, нават самы недасведчаны лекар, не будзе лячыць сімптомы. Ён будзе лячыць хваробу, а не высыпку дурацкімі прыпаркамі. Але еўрапалітыкі імкнуцца вылечыць менавіта сімптомы. Шэльмаванне радыкальных партый і дзеячаў – гэта прыпаркі, бо выбары ў Швейцарыі, Галандыі, Францыі ды Фінляндыі паказваюць, што партыі гэтыя – не маргіналы, а маюць шырокую падтрымку ў народзе. Іх галасы імкнуцца заглушыць істэрычным віскатам ад свабодах, правах, аб пагрозе фашызму і г.д. А тым часам мацнее негрыцюд, мацнее рэлігіная нецярпімасць мусульман. Колькі хрысціянскіх храмаў знішчана ў мусульманскіх краінах? Колькі іх там пабудавана? Хай лібералы ды праваабароцы адкажуць. І распавядуць, як яны абараняюць правы братоў у Хрысце там, дзе быць хрысціянінам небяспечна для жыцця.

Не скажу за радыкалаў Аўстрыі або Францыі, не ведаю іх, але фінская партыя «Сапраўдныя фіны» прапануе цалкам разумныя рэчы. Я ўважліва прачытаў іхны перадвыбарчы маніфест. Перш за ўсё, яны сцвярджаюць, што Фінляндыя не ў стане пракарміць тыя сотні тысяч уцекачоў з Афрыкі ды арабскіх краін. Таму прапануюць зрабіць адпаведныя разлікі і прымаць абмежаваную колькасьць прыхадняў. Ёсць і пункт аб тым, што «розныя группы прыхадняў павінны ў абавязковым і бясспрэчным парадку выконваць законы Фінляндыі, а не наадварот». Пакуль што такога няма. З прыхаднямі цацкаюцца. А сімптомы таго, што ніякай інтэграцыі мусульман у еўрапейскую цывілізацыю не будзе, становяцца ўсё больш выразнымі і злавеснымі.

На жаль, шматлікія трагедыі у Іспаніі, Вялікабрытаніі, Францыі ды іншых еўрапейскіх краінах для еўраліберальных палітыкаў не служаць ніякімі доказамі. Спадзевы на «добрых» мусульман – недарэчныя.

Мяркуючы па сімптомах, вайна іслама супраць еўрапейскай цывілізацыі абвешчана. Але еўрастраўсы працягваюць сарамліва хаваць галоўкі у ліберальны пясок. Патрэбны зразумелыя і цвёрдыя законы: прыехалі да нас — жывіце па нашых законах.

Некалі італьянцы згадзіліся дзволіць пабудову вялікай саборнай мячэці каля Ватыкана. Але пры адной умове: калі Мекку ўпрыгожыць вялікі каталіцкі сабор. Цяперашнія еўрапалітыкі на такі падыход здольныя ці толькі на саступкі?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?