Філосаф Аляксей Дзермант на сайце праекта «Цытадэль» зрэагаваў на феномен папулярнасці вышыванак у Беларусі.

Фота Kyky.org.

Перш-наперш, філосаф-лукашэнкавец адзначае, што вышыванкі – гэта другаснае, а большае значэнне для «нацыянальнай суб’ектнасці мае, скажам, парад вайсковай тэхнікі з удзелам С-300 на шасі, вырабленым Мінскім заводам колавых цягачоў».

Дзермант прызнае, што вышыванкі – гэта добрая тэхналогія. «Бяскрыўдная культурніцкая актыўнасць, замілаванне сваім, уздыманне на сцяг таго, што і так на сцягу – здаецца, добрая тэхналогія, каб дзейнічаць адкрыта і зарабляць сімвалічны (і не толькі) капітал», — піша ён.

Дарэчы, за апошнія дні не першы раз заўважаецца, што папулярызатараў вышыванак спрабуюць скампраметаваць тым, што яны, маўляў, не пра нацыянальны ўздым беларусаў клапоцяцца, а зарабляюць грошы. Вось, напрыклад, на дзяржаўнай радыёстанцыі «Мінская хваля» падчас гутаркі з легкаатлеткай Алінай Талай журналістка раптам кажа пра вышыванкі: «Блогеры пішуць, што гэта проста такі бізнэс, які ў патрэбны момант выскачыў, і на гэтым тупа рубяць бабкі».

Але вернемся да матэрыяла Аляксея Дзерманта. Эксперт лічыць, што за кашулямі ды майкамі стаіць «чарговая спроба «змагання» з Рэжымам [у аўтара напісана менавіта з вялікай літары – «НН»] і ўсходнім суседам».

І вось тут самае цікавае – Дзермант прапануе два шляхі, як змагацца з вышываначнай модай, прапануе рэцэпты па нейтралізацыі буму. «Гэта крытыка прафанацыі і палітызацыі тэмы прадстаўнікамі этнаграфічнай супольнасці і грунтоўная навуковая праца», — піша Дзермант. А вось другі нашмат цікавейшы. Дзермант прапануе дзяржаве перахапіць гэты трэнд «і не дазваляць манаполіі на яе прайдзісветам».

«Не трэба забараняць, трэба вырошчваць сваё», — прыходзіць да высновы эксперт.

«Трэба думаць не толькі пра захаванне сваёй адметнасці ў разнастайным універсуме, дзе адбываецца бязлітасная канкурэнцыя культур і цывілізацый, але і пра тое, што мы можам у гэтым свеце сцвердзіць у якасці свайго ўнёску. Умоўна кажучы, ці могуць вышыванка і арнамент або беларуская традыцыйная культура ў цэлым стаць усясветным брэндам, а не толькі пазнакай правінцыйнага нацыяналізму?» – піша Аляксей Дзермант.

«Мы можам паставіць на мэце і ўявіць, як на абшыўцы сканструяванай з нашым удзелам ракеты, што стартуе са схаванага недзе ў нетрах сібірскай тайгі касмадрома, заззяюць знакі беларускага арнаменту, дабраслаўляючы яе ў паспяховы палёт», — заключае філосаф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?