Беларуская ўлада чарговы раз занепакоілася лёсам грамадзян, якія не маюць афіцыйнай працы і, адпаведна, не плацяць падаткі. Лукашэнка назваў такіх людзей «дармаедамі і лайдакамі», чарговы раз загадаўшы вярнуць стары савецкі тэрмін у сучаснае беларускае заканадаўства. З гэтай нагоды мы вырашылі ўспомніць, як змагаліся з такімі «паразітычнымі элементамі» ў СССР.

Артыкул 12 Канстытуцыі СССР 1936 г. абвяшчаў: «Праца ў СССР з'яўляецца абавязкам і справай гонару кожнага здольнага да працы грамадзяніна па прынцыпе: «хто не працуе, той не есць». Аднак людзі ёсць людзі, і ўвесь час знаходзіліся жыхары Краіны cаветаў, якія не вельмі імкнуліся працаваць на дзяржаву. Вядома, што цярпець такую пазіцыю ўлады не маглі.

«Дармаедства» неразрыўна асацыюецца з праўленнем Мікіты Хрушчова. Аднак не ўсе ведаюць, што ён займаўся гэтым пытаннем яшчэ да таго, як заняў пасаду генсека.

У 1948 г. Хрушчоў, які на той момант быў першым сакратаром ЦК КП (б) Украіны, накіраваў Сталіну ліст аб гаротным становішчы ўкраінскіх калгасаў. У гэтым лісце ён паведамляў, што ва ўкраінскіх калгасах існуе шмат «паразітычных элементаў», якія «выкарыстоўваюць калгасы як шырму, займаюцца спекуляцыяй, крадзяжом, самагонаварэннем і здзяйсняюць іншыя злачынствы», а таксама негатыўна ўплываюць на асобных адсталых калгаснікаў.

У выніку, 21 лютага 1948 г. быў падпісаны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб высяленні з Украінскай ССР асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі, паразітычны лад жыцця». У гэтым жа годзе указ распаўсюдзілі амаль што на весь Саюз (яго пазбеглі толькі Прыбалтыка, Беларусь і Заходняя Украіна).

Але ж гарадскіх жыхароў, і тых, хто не быў у калгасах, ён не кранаў. Астатнім жа трэба было працаваць.

Калі ж чалавек не хацеў і трапляўся, яго высялялі на восем гадоў. Такім чынам, толькі на працягу 1948 года было выселена каля 27 000 чалавек.

Іх адпраўлялі на прымусовую працу па ўсёй краіне, ад будоўлі чыгунак да працы ў саўгасах.

У ліпені 1951 выходзіць Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб мерах барацьбы з антыграмадскімі, паразітычнымі элементамі». Меліся на ўвазе валацугі, беспрацоўныя і жабракі.

Пасля першага затрымання асуджаных высылалі з гарадоў за 101-ы кіламетр.

За «злоснае паразітаванне», то бок затрыманне за гэтае «злачынства» другі раз, давалі год калоніі. У другім паўгоддзі 1951 г. затрымалі 107 тысяч «паразітаў», у 1952 годзе — 156 тысяч,а ў 1953 годзе ўжо 182 тысячы.

Калі Хрушчоў узначаліў краіну, то працягнуў сваю барацьбу з «паразітычнымі элементамі». У 1956 г. улады зацікавіліся цыганамі. Указ «Аб далучэнні да працы цыган, якія займаюцца бадзяжніцтвам» быў прыняты, і каля 10 тысяч цыганоў былі прыцягнутыя за бадзяжніцтва і высланы ў паўночныя раёны краіны.

А ў 1961 г. выйшаў указ «Аб узмацненні барацьбы з асобамі (лайдакамі, дармаедамі, паразітамі), якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і вядуць антыграмадскі і паразітычны лад жыцця».

Ён распаўсюджваўся абсалютна на ўсю краіну і на ўсіх яе жыхароў. Згодна з указам, «дармаед» прымусова высяляўся ў спецыяльна адведзеныя мясцовасці на тэрмін ад двух да пяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці, нажытай «непрацоўнымі шляхам», і абавязковым прыцягненнем да працы па месцы паселішча.

Пры гэтым, калі чалавек афіцыйна лічыўся работнікам нейкага прадпрыемства, а на самой справе гандляваў на рынку, ці, напрыклад, займаўся на сваім лецішчы развядзеннем трусоў, ён усё роўна трапляў у «дармаеды», досыць размытая фармулёўка ўказа гэта дазваляла.

Не працаваць дазвалялася толькі хатнім гаспадыням.

На справе выглядала так: чалавек, які трапіў «на аловак» спачатку атрымліваў ад мясцовага выканкама папярэджанне, што яму трэба ўладкавацца на працу. Калі ён папярэджанне ігнараваў — атрымліваў тэрмін выпраўленчых работ.

Дапамог указ і ў барацьбе з дысідэнтамі.

Пад яго адразу трапіў шэраг «падпольных» культурных дзеячаў. На сённяшні дзень, напэўна самы вядомы з іх – паэт, нобелеўскі лаўрэат, Іосіф Бродскі. Шырока разыйшлася яго гутарка з суддзёй на працэсе па прызнанні паэта дармаедам, які праходзіў у 1964 годзе:

Суддзя: А наогул якая ваша спецыяльнасць?
Бродскі: Паэт. Паэт-перакладчык.
Суддзя: А хто гэта прызнаў, што вы паэт? Хто залічыў вас да паэтаў?
Бродскі: Ніхто. А хто залічыў мяне да роду чалавечага?
Суддзя: А вы вучыліся гэтаму?
Бродскі: Чаму?
Суддзя: Каб быць паэтам? Не спрабавалі скончыць ВНУ, дзе рыхтуюць … дзе вучаць …
Бродскі: Я не думаў, што гэта даецца адукацыяй.
Суддзя: А чым жа?
Бродскі: Я думаю, гэта … (разгублена) … ад Бога …

У выніку паэт атрымаў пяць гадоў высылкі ў Архангельскую вобласць.

Аднак з працаўладкаваннем выселеных нярэдка былі праблемы.

Да таго ж людзям трэба было даць жыллё, а часам здаралася, што мясцовыя ўлады ўвогуле не ведалі аб тым, што да іх накіроўваецца чарговая «партыя» дармаедаў. За чатыры гады дзеяння ўказу выслалі 37 тысяч чалавек, усяго ж было выяўлена каля паўмільёна дармаедаў.

Але ж з-за шматлікіх праблем ў 1965 годзе ўказ скарэктавалі.

Цяпер людзей абавязалі працаваць па месцы жыхарства. Ў такім выглядзе ён праіснаваў амаль 30 гадоў, да прыняцця ў красавіку 1991 года закона «Аб занятасці насельніцтва», які адмяніў крымінальную адказнасць за дармаедства і афіцыйна легалізаваў тэрмін «беспрацоўе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?