У цэнтры Ерэвана людзі запальваюць свечкі ў памяць аб забітай у Гюмры сям'і, AFP

У цэнтры Ерэвана людзі запальваюць свечкі ў памяць аб забітай у Гюмры сям'і, AFP

У Гюмры праходзяць масавыя акцыі пратэсту ля расійскага консульства і ля вайсковай базы з патрабаваннямі выдачы Валерыя Пермякова, якога падазраюць у забойстве сям'і з шасці чалавек, у тым ліку двухгадовае дзіця.

Следчы камітэт Арменіі прыйшоў да высновы, што атрыманыя на месцы злачынства доказы даюць дастатковыя падставы падазраваць, што забойства было здзейснена вайскоўцам 102-й расійскай вайсковай базы Валерыем Пермяковым.

«Следчы камітэт Арменіі правёў усёабдымнае, поўнае і аб'ектыўнае расследаванне абставінаў злачынства і зрабіў усе неабходныя дзеянні для праверкі магчымых версій злачынства. Будзе праведзены цэлы шэраг экспертыз. Былі таксама праведзеныя следчыя дзеянні ў дачыненні да людзей, якія валодаюць інфармацыяй пра злачынства», — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.

Злоўлены пры спробе перасекчы мяжу

Вайсковец 102-й расійскай вайсковай базы, затрыманы ў Арменіі па падазрэнні ў забойстве сям'і з шасці чалавек, прызнаўся ў здзяйсненні злачынства.

Пермякоў быў затрыманы расійскімі памежнікамі пры спробе перасекчы армяна-турэцкую мяжу каля вёскі Баяндур на мяжы з Турцыяй у заходняй частцы Арменіі.

Паводле звестак паліцыі, у панядзелак раніцай у Гюмры, другім па велічыні армянскім горадзе на паўночным захадзе краіны, дзе дыслакуецца 102-я расійская вайсковая база, з аўтамата былі забітыя члены адной сям'і, у тым ліку двухгадовая дзяўчынка.

Выжыць удалося паўгадоваму дзіцяці, якое атрымала раненне ў грудзі.

«У доме забітых Авецісянаў следчыя знайшлі вайсковыя чаравікі, пазначаныя з унутранага боку імем і прозвішчам Валерыя Пермякова, які з'яўляецца вайскоўцам расійскай базы. Забойства здзейснена з аўтамата АК-74», — паведаміла дарадца кіраўніка Следчага камітэта Арменіі Сона Трузян.

Прэс-служба паліцыі адзначае, што вайсковец самавольна пакінуў размяшчэнне 102-й вайсковай базы.

На сайце генеральнай пракуратуры Арменіі таксама паведамляецца, што канстытуцыя Расіі забараняе выдаваць грамадзян краіны іншай дзяржаве.

Падазраваны адслужыў у арміі паўгода, а да прызыву знаходзіўся ў полі зроку праваахоўных органаў.

Расследаванне абставінаў трагедыі ўзяў пад асабісты кантроль прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

Дагавор аб стварэнні расійскай вайсковай базы ў Гюмры (былы Ленінакан), быў падпісаны пасля заканчэння ўзброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху ў 1995 годзе, склаў 25 гадоў і меўся мінуць у 2020 годзе.

У жніўні 2010 года прэзідэнты Расіі і Арменіі падпісалі пратакол аб пралангацыі дамовы яшчэ на 24 гады - да 2044-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?