Адным з наступствам тэракта станецца, напэўна, тое, што дыскусія вакол дапушчальнасці публічнага блюзнерства звядзецца да простага пытання: ты на баку «Шарлі Эбдо» ці тэрарыстаў? Якая-кольвечы спроба крытыкі ці пратэсту супраць блюзнерства цяпер можа быць расцэнена як падтрымка тэрарыстаў.

Так, учынак тэрарыстаў з'яўляецца адназначна злачынным і глыбока бязбожным (бо спалучаны з парушэннем Божага прыказання). Але гэта не азначае, што блюзнерства - гэта бязвінная дэманстрацыя свабоды слова.

Я — праціўнік рыторыкі «Божага пакарання» і інтэрпрэтацыю «Бог пакараў» у дачыненні да «Шарлі Эбдо» лічу бяздушнай і небагаслоўскай. «Бог ёсць любоў» і «не хоча смерці грэшніка, але каб навярнуўся і жыў». Менавіта: жыў. Але, прызнаюся, усё ж не магу проста так выкінуць з памяці той, напрыклад, факт, што ў 2011 годзе ў Францыі, пры падтрымцы ўрада, адбываліся спектаклі «Пікнік на Галгофе», дзе крыжовая мука Ісуса была «крэатыўна» пераплецена з амаль парнаграфічнымі сцэнамі, а сам Ісус прыроўнены да тэрарыста…

Ясна, што Ісус ніколі не помсціць. Гэта не ў Яго стылі. І Ён забараніў сваім вучням помсціць за Яго («Схавай меч» - сказаў Пятру). Аднак нельга сказаць, што блюзнерства — рэч цалкам нейтральная ў духоўным плане. Індывідуальнае блюзнерства чыніць чалавека менш абароненым ад зла. Публічнае блюзнерства — чыніць грамадства менш абароненым.

Незалежна ад таго, наколькі моцным ёсць наша асуджэнне тэрарыстаў (асуджэнне цалкам справядлівае), не варта бескрытычна падтрымліваць блюзнерскія акты.

***

Пётра Рудкоўскі – беларускі філосаф, тэолаг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0