ria.ru

ria.ru

На карыкатуру хворыя тыя, хто яе творыць. Калі ты малюеш карыкатуру, то ты думаеш, як карыкатурыст і як карыкатурыст бачыш свет. Гэта твой вобраз думкі і ты не можаш па-іншаму.

Я хворы на гэтую хваробу даўно.

Але хворыя на карыкатуру і тыя, хто ўспрымае яе як абразу. Гэта зусім іншая хвароба. Хоць і вірус быццам бы адзін і той жа.

Ёсць людзі, якія не здольныя абстрактна думаць. Ім гэтага не дадзена. Яны не добрыя і не дрэнныя. Яны такія, як ёсць. І да ўзроўню інтэлекту іх асаблівасць не мае ніякага дачынення таксама.

Маляваны персанаж у іх у свядомасці чамусьці атаясамліваецца з рэальным. Гэта тое ж самае, што калі б акцёра, які грае злыдня, лічылі б злыднем у жыцці.

Карыкатурыст часта выкарыстоўвае ў карыкатурах шмат сімвалаў, шмат знакаў і часта вобразы з міфаў, легенд, класічнай літаратуры, рэлігій.

Мастак не ставіць перад сабой мэты гэтыя вобразы ачарніць або апаганіць. Мэта іншая. З дапамогай гэтых вобразаў паказаць, агаліць, высмеяць зямныя, чалавечыя заганы. Паказаць што вера, ДЛЯ НЕКАТОРЫХ, — прыкрыццё чагосьці непрыстойнага; што вера, ДЛЯ НЕКАТОРЫХ, — хлусня і пафас; што вера, ДЛЯ НЕКАТОРЫХ, — мода; што вера, ДЛЯ НЕКАТОРЫХ, — шчыліна, і тд.

ДЛЯ НЕКАТОРЫХ, я падкрэсліваю.

Калі ты праўдзівы вернік, і твае пачуцці ранімыя, — жыві па рэлігійных правілах, рэлігійных канонах, адпаведным чынам апранайся, адпаведным чынам харчуйся, маліся, шануй запаведзі, і ніякім чынам не ўваходзь у іншы свет, дзе твае пачуцці могуць быць абражаня. Беражы іх і не спакушай сябе. Не глядзі «дрэнныя» карыкатуры. Не гартай «дрэнныя» часопісы. Не глядзі «дрэнныя» фільмы, спектаклі, выставы… Не лезь на «дрэнныя» сайты, не чытай «дрэнныя» кнігі.

Ну а калі ўжо ты сам туды, у гэтае «дрэннае», палез — то вінаваць у гэтым выключна сябе. Гэта ты абразіў свае пачуцці верніка.

Будзьце здаровыя і трымайце сябе ў руках.

І карцінкі вам — не як звычайна.

Увага! Асцярожна!

Пачуцці твае, калі ты праўдзівы вернік, могуць быць абражаныя. Не глядзі такія карцінкі. Паглядзіш — тады вінаваць сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0