Нарэшце паглядзеў «Левіяфан». Звягінцаў у ім — тытан. Я нарадзіўся ў расейскай глыбінцы — у сярэдзіне Сібіры. І дзесяць год там пражыў. Я бачыў, я чуў, я адчуваў - так як зараз у Звягінцава. Бо быў дзіцем і супраціўляўся ўсім сэрцам таму, што людзі могуць пагаджацца на такое існаванне.

Я сямігадовым стаяў цёмнымі зімовымі раніцамі ў чэргах за гадзіну да адкрыцця прадуктовай крамы — маці ставіла мяне, і бегла на працу. А мне пасля давалі мяса амаль бяз костак, бо шкадавалі дзіцятка, што прастаяў гадзіну на марозе. Я быў у такія дні героям сям'і і ведаў, што жыву не дарма.

Калі я ішоў у школу, то кожны працоўны дзень на восьмую раніцы на аб'ект маёю вуліцаю Нарымскаю везлі калонаю аўтазакаў канвой зняволеных: шматпавярховы гатэль у цэнтры гораду даў расколіну ад фундаменту да даху і мог абрынуцца. Таму на ягоным аварыйным рамонце працавалі зэкі — бо іх было не шкада, калі што здарыцца. Мы трэцякласнікамі збягалі са школы, каб паглядзець на іх. Я памятаю іхнія твары і вочы праз калючы дрот, якім была абнесеная будова — да сёння.

Мы біліся да першай крыві ў кожны першы дзень кожнай піянерлагернай змены, каб акрэсліць лагерную іерархію унутры атрада. Кожны з кожным па чарзе. Хто адмаўляўся біцца — праў шкарпэткі і майткі за ўсімі, хто быў вышэйшы за яго ў іерархіі да канца змены. Калі не хацеў — яго збівалі шмат на аднаго.

Гэта СССР знутры. Гэта мой прыватны Левіяфан. Я ўвесь час нашу яго ў сабе. Я хацеў бы быць гатовы паліць агнём усё, што пагаджаецца жыць так. Пакуль што я не магу. Але калі Левіяфан прыйдзе на зямлю, што стала маёю — бо на ёй можна не жыць так, як я бачыў у дзяцінстве — я ўпэўнены, што змагу. Да апошняга фрагменту ДНК пяцісотгадовай імперскай навалачы. Пакуль хопіць агню ўнутры. Для сына, для дачкі — каб ім не давялося насіць Левіяфана ў сабе ўсё іхняе жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?