Нацбанк Беларусі, які рэкамендаваў у снежні 2014 года камбанкам стрымліваць рост крэдытнага партфеля да 1 лютага 2015-га, не плануе падаўжаць дзеянне гэтай рэкамендацыі, паведамілі ў Нацбанку.

«Гэта рашэнне прымалася ў складзе комплексу стабілізацыйных мер і мела часовы характар. Падаўжаць яго дзеянне пасля 1 лютага не плануецца, — адзначылі ў Нацбанку. — Разам з тым прапанаванне грошай у эканоміцы будзе абмяжоўвацца інструментамі манетарнай палітыкі такім чынам, каб аб'ёмы крэдытавання не парушалі макраэканамічную збалансаванасць і фінансавую стабільнасць. У цэлым за 2015 год прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі прагназуецца ў межах 17-22 працэнтаў у залежнасці ад развіцця сітуацыі».

У частцы крэдытавання дзяржаўных праграм урадам і Нацыянальным банкам прынята рашэнне аб фінансаванні новых праектаў праз спецыяльна створаны для гэтых мэт інстытут — Банк развіцця.

«Камерцыйнае крэдытаванне будзе ажыццяўляцца банкамі. Але рэсурсы будуць накіроўвацца выключна на фінансаванне эфектыўных праектаў, з высокай аддачай. Гэтаму пытанню Нацыянальны банк будзе ўдзяляць асаблівую ўвагу», — падкрэслілі ў Нацбанку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?