фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

фота Аляксандра Ждановіча, budzma.org

Чалавек жыве адзін у пустым сяле, вакол яго дварышча на кіламетры — бур’яны і звяр’ё.

Але проста каля хаты ў яго цэлая вёска драўлянага народу. Дзе хаўтуры, дзе вяселле, дзе ігрышча, дзе страху крыюць. Кожная сцэна так кампазіцыйна дакладна пабудаваная, што, калі легчы на зямлю і зірнуць на драўляны свет з вышыні росту яго народу, вёска тая падасца сапраўднай, а не лялечнай. Але не сённяшняй пустой беларускай вёскай з заваленымі будынкамі, а паўналюднай. Яшчэ не пакінутай ні людзьмі, ні Богам. Вунь ён, укрыжаваны Хрыстос, на ўскрайку, у атачэнні вяскоўцаў.

Гэты драўляны свет больш за сорак гадоў ствараў народны майстар Мікалай Тарасюк з вёскі Стойлы Пружанскага раёна. 14 студзеня яго не стала. 82-­гадовы дзядзька жыў адзін, яго ўдарыў інсульт, пасля падключылася пнеўманія…

Кінарэжысёр Віктар Аслюк зняў пра Тарасюка два фільмы. Гэта яго камера зафіксавала ўнікальныя кадры: дзед Мікалай сячэ ля ракі дрэва на чарговых «людзей» і разважае, што «жывого чоловіка лёгшэ зробыты, чым дэрэвляного».

«Нас цягнула ехаць да дзеда (Віктар паслядоўна называе Тарасюка проста «дзед» — СМ) зноў і зноў. Я здымаў яго шэсць гадоў — ад 2009-­га. Апошні раз — паўгода таму. Па выніках тых здымак мы змантавалі на «Беларусфільме» стужку «Дождж», уздагонку фільму «Драўляны народ». У «Дажджы» Мікалай Васілевіч раскрываецца з новага боку: ён спявае песні.

Я спецыяльна да яго паехаў, пачуўшы, што ёсць такі чалавек. Калі мы апынуліся ў яго вёсцы, на яго зямлі, дык пачалі без пэўнага плану і мэты — проста здымаць. Здымкі тыя ляжалі тры гады, дзед папракаў: чаму доўга здымаеш, гультай? У тым фільме ён яшчэ ў сіле. Калі мы аднавілі здымкі ў 2011­-м, ён быў ужо іншым. Год — гэта вельмі многа для чалавека ў такім веку…»

Бацька Мікалая Тарасюка меў 75 дзесяцін зямлі.

Каб не раскулачылі, з прыходам саветаў фармальна развёўся з жонкай, падзялілі гаспадарку. Сын застаўся з маці. Працаваў у калгасе, абкошваў каналы ў меліярацыю. Але, пражыўшы пры саветах большую частку жыцця, дзед, кажа Аслюк, захаваў абсалютна заходнебеларускую свядомасць. «Для яго пустым быў савецкі час, ён яго праскочыў. Дзед быў арыентаваны на зямлю, на прыватную ўласнасць. Гаспадар — асноўнае было яго слова. Такіх людзей ужо засталося вельмі мала. Яшчэ што розніла яго ад савецкага чалавека: верыў у Бога па­сапраўднаму».

Хоць, разам з тым, успамінае Віктар, Тарасюк часам плакаў па калгасе. «Але гэты плач быў па тых недалёкіх часах, калі ён быў у сіле, калі суседзі яшчэ жылі. Гэта хутчэй быў плач па сыходзе сялянства — цэлага сусвету з сваёй філасофіяй — з гістарычнай арэны.

…Сумна бачыць, як чалавека пакідаюць сілы. Я яго заспеў не ў самай лепшай форме — каб трохі раней… Ён працаваў на зямлі, як дай бог хто. Вакол была бацькава зямля, і ён яе абрабляў, колькі мог»

Тарасюк не быў фермерам, для якога гаспадарка — гэта бізнэс. Ён меў сапраўдную натуральную гаспадарку: ураджай ішоў на пракорм скаціне, мяса — у кладоўку. Дзеля грошай дзед збіраў і здаваў лісічкі.

«Рэзаць Тарасюк пачаў у досыць сталым веку, за сорак гадоў. Адбылося гэта без нейкага яўнага штуршка звонку. Рэзанне не было забавай, гэта быў працяг існавання ў сваім свеце». А свет той знікаў на вачах, усё менш прыкмет яго заўважаў вакол саслабелы гаспадар.

«Яго бядой была адзінота. Ён быў з тых людзей, якія пражылі жыццё самотна з­-за свайго прыроднага розуму. Была ў яго лёсе і нейкая загадка, нейкая чалавечая гісторыя, якую я не змог выясніць да канца.

Дзед не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Але з такім прыродным розумам! Фенаменальна дасціпны, вясёлы, разумны. Аднойчы ён у сваёй манеры пачаў разважаць пра пачуцце гармоніі. От, як у нас афармляюць музеі! У тых залах, казаў, панастаўляна непатрэбных экспанатаў, нічога не зразумела, няма сістэмы. Я здзівіўся: такое пішуць у падручніках, што не мае быць нічога лішняга, што мае прысутнічаць асноўная ідэя… Адукацыя пашырала б яго далягляды, але парадокс: непісьменнасць захавала яго ў гэтым сялянскім свеце, які ён не пашыраў».

Былі ў яго кампазіцыі на, так бы мовіць, агульначалавечыя тэмы. Напрыклад, «Ядзерная бомба». Былі сюжэты палітычныя, у якіх прысутнічаў Лукашэнка. «Але гэта было навязана тэлевізарам, непаслядоўна і пераасэнсавана па­сялянску. Ён мог плакаць пра развал СССР — і адначасова праклінаць СССР. Некаторыя рабілі з дзеда апазіцыянера. Гэта лухта. Ён жыў у міфах, якія ствараў сам. Ён быў дастаткова крытычны, але прымаў уладу, — кажа Аслюк. — Ён адчуваў, што самае важнае — зямля, праца, традыцыі, вера ў Бога. Астатняе — не так важна».

«Дзед быў не такі, як усе. Абраны. Якая ў яго, непісьменнага, была адметная мова, якія камбінацыі словаў.

Заверне штосьці такое — напрыклад, «дом жыцельны» — і думаеш, — падхоплівае Вольга Дашук, жонка Віктара. — А калі расказваў, што ўначы да яго Бог прыходзіць, мурашкі ішлі па скуры. Ён сапраўды ў міфах жыў, у ім была ўнутраная містычнасць — ён мог пра нейкую падзею расказаць два разы па­рознаму. Не быў нудны, як часта бываюць старыя».

Тры гады таму, расказвае Вольга, дзед сказаў: мне жыць засталося тры гады. Ноччу прыходзіў Бог і загадаў паставіць вялікі крыж, расказаўшы падрабязна, які той крыж мае быць.

Дзед бедаваў, што сам не зможа паставіць. Хацеў прасіць унука дапамагчы. Апошнія гады яго жыцця былі напоўненыя бедамі. Адарваўся тромб, ад гэтага амаль перастала працаваць рука.

«А гэтым летам, якраз падчас здымак «Дажджу», памерла Надзя — жанчына, якая дапамагала дзеду, — успамінае Вольга. — Ёсць такая форма сужыцця ў адзінокіх старых. Яна была маладзейшая за дзеда, але яго пакалення. І мела мяккі характар. Дзеду трэба было паказаць, што ён гаспадар, трэба было панаваць, быць героем. Яна яму падыгрывала, слухалася яго. Таксама была ўдава — глядзела ляжачую 94­-гадовую маці. Мела надта хворыя ногі, але прыходзіла штодня, бо дзед жыў адзін. Яна ўсё перажывала, што ён упадзе, будзе ляжаць і ніхто не дапаможа. Нешта такое і адбылося…»

А перад тым яшчэ здарылася: адарваўся тромб, давялося доўга быць у бальніцы, але і пасля слаба дзейнічала рука.

Тарасюк стаў менш выразаць. Апошняя яго кампазіцыя называлася «Бальніца».

Яшчэ не зрабіўшы, ён так яе апісваў сям’і рэжысёраў: «Я ляжу на стале — а яны нада мной з ножыкамі!» Кампазіцыю тую дзед падарыў дактарам.

Так разышлася па свеце большасць яго работ, кажа Аслюк. У адным музеі, у другім музеі… 27 фігур, ён казаў, засталося ў Польшчы: проста не вярнуліся з выставы. А рабіў ён вельмі многа. Рэзаў увесь час — і ўсё расплылося. Сам казаў, выразаў за жыццё трыццаць тысяч фігур. Ну, тут ён, можа, трохі перабольшыў, але тры тысячы дакладна ёсць.

Найбольш экспанатаў застаецца ў музеі на падворку: дваццаць гадоў таму Тарасюк пабудаваў яго побач з хатай і назваў «Успаміны Бацькаўшчыны».

Цяпер вялікае пытанне: дзе ён дзенецца?

«Фармальна ж ён належыць сям’і, таму пытанне трэба тэрмінова вырашаць. Ці ён застанецца ў той хаце, што было б найлепей, ці перавязуць у Пружаны ці ў Мінск. Але марудзіць нельга, бо фігуры псуюцца — іх шашаль есць. Трэба кансерваваць», — кажа рэжысёр.

Тарасюк ствараў гэты драўляны свет найперш для сябе. Але, страціўшы яго, збяднеем усе мы.

Чытайце таксама:

Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Драўляны народ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?