На маю электронную пошту прыйшло паведмаленьне, у дадатку да якога ляжаў pdf зь дзяржаўным гербам і пампезнай шапкай «Кіраўніцтва справаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Насамрэч — усяго толькі адказ на мой допіс у кнізе прапановаў менскага фаст-фуда «Лідо». Навошта прэзыдэнцкай адміністрацыі мець на балянсе рэстаран хуткага харчаваньня — загадка.

Але я не пра гэта.

Калі ў дзяржаве дзьве дзяржаўныя мовы, як у Беларусі, гэта заўжды азначае, што ўсе допісы і ўся магчымая інфармацыя дублюецца на абедзьвюх мовах.

Вазьміце Бэльгію, Канаду ці Швайцарыю (там увогуле чатыры мовы). Або нават Казахстан, дзе расейская мова мае трохі ніжэйшы статус за казахскую, але дзе ўсе шыльды, спажывецкая інфармацыя і гэтак далей спраўна дублюецца на дзьвюх мовах.

Так і павінна быць у Беларусі, дзе паводле Канстытуцыі расейская і беларуская мова цалкам раўнапраўныя.

Я нават ня супраць, каб вулічныя шыльды, якія цяпер па-беларуску і па-ангельску, таксама дубляваліся і па-расейску — але каб за гэта ў салёне мабільнай сувязі мне маглі б даць беларускамоўную абанэнцкую дамову, а ў рэстаране мне па маёй просьбе маглі бы даць беларускамоўнае мэню.

Але раз нормы дазваляюць арганізацыям ігнараваць маё жаданьне атрымліваць беларускамоўныя паслугі (пра што мне напісала і Кіраўніцтва справаў Прэзыдэнта-Рэспублікі-Беларусь-і-рэстарана-»Лідо»), трэба дзейнічаць рынкавымі мэханізмамі.

У нармальнай рынкавай эканоміцы попыт нараджае прапанову. Ёсьць попыт на той ці іншы тавар — будзе і яго прапанова. Зь беларускай мовай усё тое ж самае: будзе попыт на беларускамоўнае абслугоўваньне — будзе беларускамоўнае абслугоўваньне.

Пад ляжачы камень вада не цячэ: калі беларускамоўныя ня будуць услых выказваць сваё жаданьне атрымліваць паслугі па-беларуску, ніхто яго ня выканае. Наадварот, калі беларускамоўныя будуць масава пакідаць афіцыйныя паведамленьні зь ветлівай (!) просьбай увесьці таксама мэню на беларускай мове, адміністрацыя будзе мець прычыну да іх прыслухацца.

Так што ўсіх заклікаю менавіта гэта і рабіць. Допіс у кнізе прапановаў — гэта не пікет і не акцыя грамадзкай непаслухмянасьці, гэта вашае законнае права як спажыўца. Стукайце, і вам адамкнуць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру