Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі зрабіў шэраг гучных заяў, выступаючы на канферэнцыі Атлантычнай рады, прысвечанай праблемам Усходняга партнёрства 30 студзеня. У прыватнасці, кіраўнік беларускай амбасады прызнаў праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, аднак папрасіў «працягнуць руку дапамогі», бо незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай.

Павел Шыдлоўскі.

Павел Шыдлоўскі.

Сярод выступоўцаў на канферэнцыі былі былы еўракамісар па пытаннях палітыкі суседства Штэфан Фюле, былая кіраўніца МЗС Іспаніі Анна Паласіё, старшыня камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента Элмар Брок і кіраўнік камітэта па правах чалавека Вярхоўнай рады Украіны Рыгор Нямыра.

Часовы павераны Беларусі Павел Шыдлоўскі знаходзіўся ў глядзельнай зале і пасля выступленняў удзельнікаў дыскусіі ўзяў мікрафон, прадставіўся і падзякаваў арганізатарам за запрашэнне, а таксама за «гарачы абмен думкамі» (1:06:00 на відэа). Самога Шыдлоўскага на запісу не відаць, толькі чутны яго голас. Аднак адзін з прысутных на канферэнцыі, былы супрацоўнік беларускага МЗС Валерый Кавалеўскі пацвердзіў, што выступаў менавіта кіраўнік беларускай амбасады.

«Зноў усё крытыкуюць Беларусь за праблемы з правамі чалавека. Так, у нас ёсць праблемы з правамі чалавека, праблемы з дэмакратыяй. Усё не так ідэальна, як магло б быць. Мы робім усё, што можам, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека. Але ў сённяшняй сітуацыі важна, што на коне сам наш суверэнітэт, наша незалежнасць», — заявіў Шыдлоўскі.

У такой сітуацыі, працягнуў ён, Беларусь неабходна далучаць у супрацоўніцтва і з ЕС, і з Расіяй. «Таму я прапаную ўсім выступоўцам прызнаць асаблівае месца Беларусі, яе асаблівую ролю ў гэты момант і працягнуць ёй руку дапамогі ў той эканамічнай сітуацыі, у якой яна апынулася ў сувязі з эканамічнымі праблемамі ў Расіі», — сказаў беларускі дыпламат.

Ён заявіў, што Беларусь шануе павагу яе суверэнітэту, і зноў заклікаў пачаць супрацоўнічаць з Беларуссю.

Праз нейкі час адзін з удзельнікаў канферэнцыі, украінскі дэпутат Рыгор Нямыра спытаў у беларускага дыпламата, хто менавіта пагражае беларускай незалежнасці. Пакуль Шыдлоўскаму перадавалі мікрафон, узнікла паўза і хтосьці сказаў: «Літва». Гэта выклікала смех у зале.

Беларускі дыпламат, у сваю чаргу, адказаў (1:11:15) на відэа), наша краіна апынулася паміж молатам і кавадлам. Вайна, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, ідзе каля самых нашых межаў, а на захад ад Беларусі пачалася гонка ўзбраенняў. Таму, паўтарыў Шыдлоўскі, Беларусь адчувае пагрозу свайму суверэнітэту і незалежнасці.

Яго перапыталі, што менавіта стала прычынай такой занепакоенасці: нестабільнасць або канкрэтная краіна. На гэта беларускі дыпламат адказаў: «Нестабільнасць, не канкрэтная краіна. Я не буду называць канкрэтныя краіны. Нестабільнасць, непрадказальнасць, гонка ўзбраенняў на захад ад нас. Мы павінны разумець, што адбываецца, што гэта не накіравана супраць нас, што наша краіна не стане разменнай картай у гэтай геапалітычнай гульні, і што мы не страцім незалежнасць «.

Менавіта таму, падкрэсліў Шыдлоўскі, Беларусь ўнесла змены ў закон аб ваенным становішчы, якія павінны ўступіць у сілу 1 лютага. «Гэты закон вызначае асаблівыя падставы для абвяшчэння ваеннага становішча ў краіне», — дадаў кіраўнік беларускай амбасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?