У снежні самую прэстыжную ўкраінскую літаратурную прэмію BBC за найлепшую кнігу года атрымала 32-гадовая Сафія Андруховіч.

Гэта дачка культавага пісьменніка Юрыя Андруховіча, добра вядомага беларускаму чытачу раманам «Маскавіяда». Таксама Сафія вядомая як перакладчыца на ўкраінскую казкі пра Гары Потэра.

Дзеянне яе рамана «Фелікс Аўстрыя» адбываецца ў 1900 у Станіславе (сённяшні Івана-Франкоўск), на ўскраіне шчаслівай (у перакладзе з латыні «felix» азначае шчаслівы) Аўстра-Венгерскай імперыі.

Жыхары горада ў знак сваёй лаяльнасці да імперыі адпускаюць бакенбарды, як у самога валадара Франца- Іосіфа. Блаславёныя часы, калі да Першай сусветнай застаецца больш за дзесяць гадоў, і ніякіх негатыўных узрушэнняў яшчэ не бачна на даляглядзе. Горад гаворыць на польскай, нямецкай, украінскай, армянскай, ідыш.

На вуліцах з’яўляюцца аўтамабілі, якія імчацца з шалёнай хуткасцю — 15 кіламетраў у гадзіну. Не так даўно львоўскі фармацэўт Ян Зег запатэнтаваў бляшаную лямпу, якая «засвяцілася» ад нафтапрадуктаў, а тут ужо ў найлепшых дамах праводзяць электрычнасць. Даступнымі становяцца тэлефоны, прамяні Рэнтгена, фотаапараты. Напэўна, ніколі чалавецтва не развівалася настолькі імкліва, як у той перыяд.

«Як гэтак пойдзе далей, то і Бога фізіка растлумачыць»,— разважае гераіня Стэфанія Чарненька.

У аснове рамана — заблытаныя адносіны паміж замужняй шляхцянкай нямецкага паходжання Адэляй Ангер і яе ці то сяброўкай, ці то служкай, ці то сястрой Стэфаніяй Чарненькай. «Вы з Адэляю — як два дрэвы, што спляліся стваламі», — казаў, паміраючы, стары доктар Ангер.

А такія дрэвы не даюць адно аднаму расці. У «Фелікс Аўстрыі» паўстае ў поўнай красе духоўнае калецтва гэтых дзвюх паненак, якія не могуць жыць паасобку, але і разам толькі раняць адна адну. І ўсё гэта пад шыльдай удаванага «шчасця».

Тут узгадваюцца і словы з тагачаснага гімна Аўстра-Венгрыі: «Цесна з Габсбургавым тронам сплёўся Аўстрыі лёс». Ці не тое самае дзяржаўнае калецтва? І тая самая шырма «шчаслівага жыцця»?

«Фелікс Аўстрыя» — кніга незвычайна паэтычная («малітвы— гэта пара ад слёз, якая падымаецца да неба»); містычная (анёлы ў ёй такія ж рэальныя, як людзі); а яшчэ яна можа выклікаць сапраўдны гастранамічны экстаз, калі аўтарка з любоўю апісвае стравы, што елі ў той час у найлепшых станіслаўскіх дамах (неапалітанскі суп з пармезанам, зразы англійскія а-ля Нэльсан, вяндліна, печаная ў цесце, паштэт з ракаў, торт Захера і г.д).

На першы погляд здаецца, што тэма ўкраінскасці не надта і прысутнічае ў кнізе.

Непасрэдна яна ўзнікае толькі пару разоў. Напрыклад, уніяцкі святар айцец Іосіф на перспектыву адкрыц- ця ўкраінскіх школ зазначыў: «Украінцам заўжды бракавала згуртаванасці, як тут не захапляцца прыкладам немцаў ці яўрэяў».

Але разам з тым раман наскрозь украінскі.

Гэта і постаць Пятра, мужа Адэлі. Ён хоць і русін, але такога арыстакратызму, як у яго, няма больш ні ў каго ў горадзе. Пятро мае незвычайную працу — робіць статуі на магілы і грабніцы. Настолькі самааддана, што часам ягоныя працы ажываюць…

І, канечне, гэта сама Стэфанія Чарненька. Чалавек, які прыдумаў уласны ўтульны свет, чалавек, які здольны чуць толькі тое, што хоча.

Лепш за ўсё яе жыццёвыя пазіцыі акрэслівае ілюзіяніст-махляр Эрнэст Торн.

«Людзі бачаць толькі тое, што хочуць. Людзі шчаслівыя ўводзіць сябе ў зман. Забяры ў іх ілюзію — і яны разнясуць увесь гэты свет на трэскі: паводкі, пажары, няшчасці. Толькі на ілюзіі, на падмане саміх сябе трымаецца зямны парадак, Стэфка».

Ці не пазбавілі Украіну год таму такіх ілюзій?

Сафія Андруховіч у інтэрв’ю казала, што большая частка кнігі была напісаная яшчэ да пачатку трагічных падзей на ўсходзе Украіны. Але адмежавацца ад пэўных паралеляў стагадовай даўніны немагчыма.

Вось словы русіна Пятра: «Раніцай мне давялося прачытаць у газеце, як Расія настойвае на тым, каб інтэрвенцыю ў Кітай ніхто не адважваўся разглядаць як вайну, бо ўсе дзеянні рабіліся і робяцца толькі для задушэння паўстання, гэта значыць, з найлепшымі суседскімі намерамі, а адзінай мэтай ваенных дзеянняў з’яўляецца дасягненне хутчэйшай згоды з кітайскім урадам…»

Андруховіч прызнаецца, што падзеі апошняга года ўсё ж наклалі адбітак на агульны фон кнігі, асабліва на яе канцоўку, якая многім падасца надзвычай дэкадэнцкай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру