Забойца 18-гадовай Юліі Саламацінай Павел Цыняўскі асуджаны на 17 гадоў калоніі строгага рэжыму, прычым першыя пяць гадоў ён павінен правесці ў турме. Яго маці атрымала два гады калоніі агульнага рэжыму. Прысуд быў вынесены сёння, 5 лютага, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска.

Таксама з Цыняўскага пастаноўлена спагнаць 1,5 млрд рублёў кампенсацыі, з маці — 500 мільёнаў рублёў.

Кватэру Цыняўскага на вуліцы Чыгладзэ ў Мінску, якую ён здаваў, пастаноўлена канфіскаваць і пусціць грошы у залік выплаты маральнай кампенсацыі. Цыняўскія павінны таксама выплаціць 15 млн рублёў за паслугі адваката маці Саламацінай і 18 млн рублёў за знішчаныя рэчы дзяўчыны (адзенне, сумачка, упрыгожанні, абутак, мабільнік).

На суд Цыняўскага прывезлі з падбітым вокам. Над правым брывом быў крывападцёк. Ніхто не тлумачыў, што здарылася.

Фота Вольгі Шукайла, tut.by.

Фота Вольгі Шукайла, tut.by.

Пры зачытванні пастановы суда, суддзя звярталася да сведчанняў, дадзеных на працэсе знаёмымі, суседзямі, блізкімі Цыняўскіх.

Так, Галіна Цыняўская раней працавала поварам у дзіцячым садку. Яе сын, Павел, часам скандаліў. Нават хапаўся за нож з крыкамі: «Заб'ю, зарэжу!» Праўда, ніколі блізка з нажом не падыходзіў да маці.

З матэрыялаў, агучаных на судзе, вынікае, што трагедыю, магчыма, можна было папярэдзіць.Цыняўскі папрасіў прыяцеля, з якім напярэдадні забойства падышлі да станцыі метро Спартыўная, патэлефанаваць Юліі Саламацінай. Той патэлефанаваў. Дзяўчына сказала, што да п'янага не паедзе. Але хлопец сапраўдны стан Цыняўскага прыкрыў словамі «крыху хістаецца». На што дзяўчына адказала, што прыедзе і сама тады вызначыць, заставацца ёй ці не.

Падчас абвяшчэння прысуду адзін з народных засядацеляў страціў прытомнасць, таму быў зроблены перапынак на 15 хвілін. На абвяшчэнне выраку прыйшла вялікая колькасць журналістаў, сваякоў забітай, прыехалі і родныя абвінавачаных.

Пракурор прасіў асудзіць Цыняўскага на 17 гадоў пазбаўлення волі, а яго маці, якая дапамагала расчляніць і схаваць труп, на два гады. У сваю чаргу адвакат папрасіла ў суда спагады для сваіх падабаронных і прызначыць Паўлу Цыняўскаму 7 гадоў пазбаўлення волі, а яго маці - 1 год.

Прадстаўнік маці забітай дзяўчыны заявіў аб неабходнасці перакваліфікаваць справу ў дачыненні да П.Цыняўскага ў адпаведнасці з ч.2 арт.139 КК і прысудзіць яго да самага жорсткага пакарання, прадугледжанага законам. Верагодней за ўсё, маецца на ўвазе смяротнае пакаранне.

***

Дадамо, што Аляксандр Лукашэнка на сваёй прэс-канферэнцыі 29 студзеня закрануў справу Юліі Саламацінай, выказаўшыся вельмі жорстка.

«Забіў, расчляніў з мамай, парэзаў на кавалкі і недзе закапаў. Стаўленне адназначнае — да сценкі… Гэтаму прабачэння быць не павінна».

Лукашэнка заявіў, што будзе адстойваць такую пазіцыю і далей. «Мяне ніхто з гэтага не сапхне. Якія б там дэмакраты ў Еўропе ні крычалі, што смяротнае пакаранне адмяніць. У нас на рэферэндуме гэтае пытанне вырашана. Не нам яго вырашаць. Народ сваё меркаванне выказаў. Яшчэ і таму ў нас, напэўна, не так буйствуюць гэтыя злачынствы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?