Аб'ядноўваць школьныя і ўступныя экзамены ў ВНУ заўчасна, заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА 5 лютага. 

«Што да аб'яднання школьных і ўступных экзаменаў, то мне здаецца, што гэтае пытанне пакуль заўчаснае, таму што экзамены ў школе павінны прадэманстраваць узровень засвоеных ведаў вучняў па ўсіх прадметах за школьную праграму навучання. Пры паступленні ж абітурыент павінен прадэманстраваць веды па пэўных прадметах, якія неабходна ведаць у гэтай ВНУ. Гэта крыху розныя задачы», — сказаў ён. 

Жураўкоў адзначыў, што ў Беларусі не ўсе выпускнікі 11-га класа стараюцца паступіць у ВНУ. «Частка з іх ідуць у сярэднія спецыяльныя ўстановы, частка — выбіраюць працу. Навошта іх мучыць падрыхтоўкай да паступлення? Менавіта таму ў нас размежаваныя экзамены за школу, гімназію ці агульнаадукацыйны ліцэй і ўступныя экзамены. Бо цэнтралізаванае тэставанне — гэта форма, якая добрая менавіта для ўступных выпрабаванняў», — сказаў ён. 

«Аб'яднаць школьныя і ўступныя экзамены, на першы погляд, вельмі проста, але насамрэч гэта складаная задача. Але будзем думаць. Калі людзі задаюць пытанні — будзем аналізаваць», — дадаў ён. 

Жураўкоў таксама лічыць няпростым пытанне колькасці тэстаў ЦТ — тры ці пяць. «На сёння можна сказаць, што трэба ўсё ж і дзіцяці, і бацькам глыбей унікаць у будучую прафесію. Напэўна, трэба на больш раннім этапе вызначацца з выбарам прафесіі. Хоць не выключаю, што, можа быць, у далейшым мы да гэтага пытання вернемся і будуць нейкія зрухі ў кірунку змянення колькасці тэстаў ЦТ. У найбліжэйшую кампанію гэтага не будзе. Але будзем думаць, таму што няма абсалютна правільнай і дасканалай сістэмы. Трэба заўсёды ўдасканальвацца і ісці наперад», — сказаў ён. 

Жураўкоў падкрэсліў, што аб новых правілах будзе абвешчана як мінімум за год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?